Вы тут

Ізраільскія спецыялісты прыехалі на раскопкі парэшткаў вязняў Брэсцкага гета

Reuters

Спецыялісты з ізраільскай грамадскай арганізацыі ЗАКА, якая займаецца апазнанне ахвяр катастроф і бедстваў, прыехалі ў Брэст на раскопкі парэшткаў ахвяр Брэсцкага гета, якія выяўленыя на будоўлі элітнага жылога раёна. "Месца раскопак выглядае шакіруюча для кожнага яўрэя", — заявіў выканаўчы дырэктар ЗАКА Рабі Цві, словы якога прыводзіць выданне i24news.tv.

Як паведамляла Еўрарадыё, масавае пахаванне часоў вайны знайшлі ў студзені на рагу вуліцы Куйбышава і праспекта Машэрава. Будаўніцтва было прыпынена, а на аб'ект прыбылі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны.

Па словах старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука, усе астанкі будуць паднятыя на паверхню і перапахаваныя згодна з традыцыямі і рэлігійным канонам. У брэсцкім гета, па розных звестках, было да 28 тысяч яўрэяў. Каля 17 тысяч чалавек былі расстраляныя у кастрычніку 1942 года каля чыгуначнай станцыі Бронная Гара ў Бярозаўскім раёне. Лёс астатніх зняволеных невядомы.