Італьянскія рабочыя губляюць працу, бо фабрыкі пераязджаюць… у Польшчу

BBC распавядае пра сітуацыю, у якую трапіла італьянская прамысловасць – другая па велічыні ў Еўропе пасля нямецкай. На прыкладзе бізнесу Фабрыцыа Педроні, які вырабляе электрычныя часткі для бытавой тэхнікі, выданне адсочвае лёс італьянскіх прадпрыемстваў.

BBC: “Як і многія іншыя прадстаўнікі дробнага бізнесу Італіі, якія змагаюцца за выжыванне, Педроні вырашыў знізіць выдаткі вытворчасці і перавёз яе ў Польшчу. Ён баяўся, што рабочыя раззлуюцца, зладзяць сядзячую забастоўку і заблакуюць фабрыку, таму не паведаміў ім пра свае планы”.

З-за складанасцяў у Італіі частку вытворчасці пераносіць у Польшчу і вядомы вытворца бытавой тэхнікі і электронікі Whirpool. Як адзначаюць некаторыя эксперты, за апошнія гады прамысловасць Італіі скарацілася на трэць. Магчыма, акурат з-за такіх вось “пераездаў”. Прычыны, па якіх прадпрыемствы зачыняюцца альбо пакідаюць краіну: жорсткае працоўнае заканадаўства, высокія падаткі, раздутая бюракратыя і моцная канкурэнцыя. І, вядома, агульнаеўрапейскі эканамічны крызіс, з якім больш-менш спраўляюцца хіба што толькі вялікія брэнды кшталту Armani ці Ferrari.

Інвестары ж не спяшаюцца ў Італію, бо, як кажа прафесар універсітэта Баконі Карла Карнавале Мафе, закон тут “выкарыстоўваецца непаслядоўна”. Ёсць нараканні і да ўладаў.

Карла Карнавале Мафе: “Урад карыстаецца ўсімі выгодамі еўра – нізкімі працэнтнымі стаўкамі. Але яны не выкарысталі гэтыя нізкія працэнтныя стаўкі, каб правесці рэформы – яны толькі павялічылі дзяржаўную запазычанасць”.

Тым не менш кіраўнік Банка Італіі Ігнацыа Віска дае даволі аптымістычны прагноз:

“Апошнія паказчыкі сведчаць аб паступовым паляпшэнні. Спад вытворчасці мусіць спыніцца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў”.

Тым часам новае даследаванне паказвае, што для італьянскіх багацеяў крызісу не існуе. Цяпер у краіне налічваецца 2075 мега-багатых людзей – на 7% больш, чым у мінулым годзе. Кожнаму з іх, у сярэднім, належыць па 86 мільёнаў еўра. А для Мікеле Ферэра, якому належаць брэнды Nutella і Кіндэр, жыццё, сапраўды, нібыта “у шакаладзе”: ён з’яўляецца самым багатым італьянцам са сваімі 15,7 мільярдамі еўра і 23-м у спісе самых багатых людзей свету.

dula.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі