Ірэна Катвіцкая: Беларускія песні глыбейшыя нават за класіку

Бабуліна песня і раяль. Фальклор і неакласіка. Палессе і Дэбюсі. Мы на прэзентацыі сольнага альбома “Этна-фантазія” спявачкі Ірэны Катвіцкай.

“Гэта насамрэч для мяне арганічны праект, і я адчуваю ў ім гармонію ад першай да апошняй ноты, гармонію мяне і майго інструмента, — тлумачыць Ірэна. — Я паўтары гады складала гэтую праграму, разважала над кожнай дэталлю, формай, фактурай. І гэта тое, дзе я вельмі утульна сябе адчуваю. То бок, гэта праграма, якая зробленая пад мяне. Пад мой голас, пад тое, каб я вытрымлівала канцэрт увогуле”.

Шлях да “Этна-фантазіі” Ірэны Катвіцкай цікавы і бурлівы. Спявачка стварае гурты NHS, “Акана”, удзельнічае ў міжнародным праекце Kazalpin, спрабуе сябе ў New Image Orchestra i іншых гуртах. Аднак паралельна распрацоўвае сваё ўласнае бачанне фолку ў сучасным кантэксце. Уплятае беларускія народныя песні ў эстэтыку неакласікі і мадэрну.

“Я зразумела, што, вось, ведаю Ірэну 25 гадоў, а сёння яе для сябе адкрыла як новага чалавека. Гэта нешта неверагоднае! — не хавае захаплення сяброўка Ірэны Вольга. — Мы самі музыкі, самі скончылі “народныя спевы”. Для нас гэтыя ўсе песні блізкія і родныя. Таму мы лічым фолк запатрабаваным. Ён вельмі зараджае”.

Сольны праект Катвіцкай прасякнуты драматычнымі фарбамі. Ірэна спявае сумныя песні пра каханне, умацоўваючы іх глыбіню яскравымі фартэпіяннымі імправізацыямі. Іншым разам спявачка бярэ ў рукі бубен і кліча старых багоў.

“Сярод шуму, гукаў, іншых сэнсаў публіка адчувае тое, што я хачу: тое ядро, тую беларускасць, тыя напевы, якія глыбейшыя і шырэйшыя нават чым класіка і іншыя жанры”, — кажа Ірэна.

І сапраўды, яе мэта рэалізуецца. “Этна-фантазія” збірае філарманічныя залы па ўсёй Беларусі. Сваім прыкладам Ірэна Катвіцкая даказвае, што горы звярнуць можна і ўласнымі сіламі.

“Бачыць і чуць чалавека на гэтай сцэне, чалавека, які спяваў табе ў дзяцінстве калыханкі, менавіта гэтыя калыханкі, гэта вельмі прыемна, кранальна і хвалююча, — дзеліцца ўражаннямі дачка Лідзія. — Я жадаю маме творчых поспехаў, каб тое, чым яна займаецца, знаходзіла водгук у публікі і выклікала шырокую цікавасць. Як бачыце, зала невялікая, і яна не цалкам запоўненая. А людзям трэба ведаць такія рэчы. Гэта іх карані, і іх ні ў якім разе нельга забыць”.

Ірэна выходзіць на сцэну ў асучасненым вобразе заходнебеларускай жанчыны XIX стагоддзя. Прычым, строяў, распрацаваных дызайнерам-знаўцай народных касцюмаў, у спявачкі шмат — на розныя выпадкі. Ёсць і галаўныя ўборы, “каб закрыць валасы — я ж замужам”,  — смяецца спявачка.

“Я кранутая да слёз, — распавядае мама Ірэны Юлія Станіславаўна. — Усе гэтыя народныя песні настолькі цудоўныя, там такія сюжэты, усё гэта непаўторна. А ўвогуле, Ірэна ўсё жыццё ішла да гэтага. Гэта яе выбар, з якім я згодная. Я ганаруся сваёй дачкой”.

Напрыканцы канцэрту падтрымаць спявачку выходзяць яе выхаванцы — дзіцячы гурт "Рада". Наступныя прэм’еры “Этна-фантазіі” Ірэны Кавіцкай адбудуцца ў Салігорску і Гомелі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі