IQ48 "HMR" (Heavy Metal Rock)

111111 Agljadacha.mp3

Самі музыкі IQ48 тлумачаць такую дастаткова дзіўную назву альбома HMR ці Heavy-metal-rock тым, што менавіта так у іх дзяцінстве называлі любую рок музыку. Сапраўды, такое спалучэнне словаў гучала ў канцы 80-х - пачатку90-х, але, хутчэй для жарту. У маёй кампаніі так, да прыкладу, віталіся, пры гэтым выкідаючы “казу”. Але песенны складнік альбома зусім не жартоўны, хутчэй наадварот, з прэтэнзіяй на сур’ёзнасць.

Пачынаецца новы альбом “здаровых ласёў” песняй “Сабой заставацца”. Разумею, што тут размова вядзецца пра іншыя рэчы, але не магу не правесці паралель. Справа ў тым, што з мінулага альбома “Героі” (2008) гурт IQ48 вельмі змяніўся. Немагчыма не звярнуць увагу на тое, што іх музыка значна пацяжэла. Яна стала больш гітарнай, рыфавай, так бы мовіць, мясістай. З аднаго боку, гэта не дрэнна, але, з іншага, яна стала вельмі падобнай да таго, што робіцца іншымі гуртамі ў падобнай стылістыцы.

Усё ж знікненне саксафона з аранжыровак гурта вельмі спрасціла яго гучанне. І гэтае маё меркаванне з кожным праслухоўваннем альбома толькі ўзмацняецца. Але такіх, як я не шмат. Магчыма, Аляксандр Памідораў, выказваючыся пра новае гучанне “айк’юшнікаў”, мае рацыю. Ён сказаў: “А дзе ўпэўненасць, што “лосі” на наступную праграму зноў не ўставяць сакс, а можа, дададуць клавішы. Кожная змена ў дарослага гурта – гэта пэўны рост”, галоўнае каб гэты рост быў уверх, а не ўніз. Пакуль можна сказаць, што прафесійны ўзровень музыкаў вырас. Вельмі радуе тое, што вакаліст Саша Ракавец загучаў больш упэўнена і пераканаўча. Хоць, можа, такое уражанне ствараецца менавіта з-за змены аранжыровак.

А вось гітарныя партыі не здзіўляюць, неяк усё звычайна. Магчыма, хлопцы яшчэ шукаюць свае ўласныя фішкі, таму і не здзіўляюць. Лепшымі песнямі на альбоме можна назваць першую “Сабой заставацца” і сёмую – дуэт з рэперам Vinsentam “Дай сілы!”, а таксама дзесяты трэк "Парыж". Але да дуэта з Vinsentam. Моцны дуэт, вельмі ўдалы. Пасля песні “Я шукаю выйсце” якую “айк’юшнікі” рабілі сумесна з Памідоравым, было складана ўявіць нейкі дуэт хаця б таго ж узроўню. І вось ён з’явіўся.
 
Ну, і трошкі пра тэксты. Раней IQ48 рабілі песні і з жартоўным і з сур’ёзным тэкстам, але зараз жарты, відаць, скончыліся. Вельмі шмат сур’ёзнасці, сацыяльшчыны ў лірыцы альбома. Зразумела, што з 2008 года жыццё лягчэй не стала, хутчэй, наадварот, але… калі ў жыцці вясёлыя людзі пачынаюць спяваць пра сур’ёзныя тэмы, робіцца крыху жахліва.

Самая простая песня альбома “Прыяцель”, як раз адзіная з жартаўлівым сэнсам. Але яна ўвогуле не падобная на ўсе папярэднія 10 трэкаў. Я б сказаў нават, што ў агульнай масе яна гучыць, як якая-небудзь новая песня гурта РСП, толькі ў больш цяжкім варыянце. Магчыма таму і было вырашана менавіта яе паставіць апошняй, і менавіта да яе прыляпіць невялічкі бонус – інструментальны запіл з выкарыстаннем экзатычнага інструмента вамола.

Двума словамі: альбом IQ48 Heavy-metal-rock цікавы хоць бы тым, што ён зусім не падобны на папярэднія. Магчыма, да новага гучання гурта трэба проста прызвычаіцца, але тут ужо вырашаць вам.

Трэк-ліст:

1. Сабой заставацца
2. Хвост пісталетам
3. Рогі і капыты
4. З усёй моцы
5. Эмігрант
6. Аўтабан
7. Дай сілы (feat. Vinsent)
8. Просты хлопец
9. Кар'ера
10. Парыж
11. Прыяцель

Склад:
Аляксандр Ракавец - вакал
Яўген Бузоўскі - гітара, бэк-вакал
Павел Яноўскі - гітара, бэк-вакал
Улад Плюшчаў - бас, вамола
Антон Мацулевіч - бубны

Музыка: IQ48, У песне "Парыж" выкарыстаны фрагмент кампазіцыі "Sous Le Ciel De Paris" Edith Piaf
Тэксты: Яўген Бузоўскі (2, 3, 6-9, 11), Аляксандр Ракавец (1, 4), Павел "Фрэйд" Зыгмантовіч (5, 10), Vinsent (7)

Запіс, звядзенне, майстрынг - Павел Яноўскі
Вокладка - Яўген Бузоўскі
Альбом запісаны на студыі "Таксафон" у чэрвені-верасні 2011 года. Кантакт студыі +375(29)962-50-46
Фота вокладкі: Ганна Юнхава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі