Ініцыятарку галадоўкі "Маці 328" чакае аперацыя

Таццяна Канеўская (справа на пярэднім плане). Фота Марыі Вайтовіч, Еўрарадыё.​
Таццяна Канеўская (справа на пярэднім плане). Фота Марыі Вайтовіч, Еўрарадыё.​

Ініцыятарку галадоўкі "Маці 328" чакае аперацыя. У Таццяны Канеўскай востры халецыстыт. Прычына — 15-дзённы голад.

Прыступ здарыўся ўвечары 18 траўня, калі Таццяна вярнулася ў Калінкавічы з Мінска, куды вазіла зварот у Вярхоўны суд і Генпракуратуру аб асабістым прыёме ініцыятыўнай групы руху "Маці-328". Канеўская выходзіла з 15-дзённай галадоўкі, а тут цэлы дзень зноў нічога не ела, было не да таго — толькі піла мінеральную ваду і гарбату ў цягніку.

"Забралі ў Гомельскую бальніцу хуткай дапамогі, — расказвае яна. — Сёння дактары сабралі кансіліум і вынеслі вердыкт, што трэба выдаляць жоўцевы пухір. Дыягназ — востры халецыстыт. Аперацыя заўтра ў 10.00".

Па словах ініцыятаркі галадоўкі, дактары пацвердзілі, што прычынай прыступу стаў голад. У бальніцы Таццяну Канеўскую падтрымліваюць (медыкі ведаюць, чаму галадалі "Маці 328"), праўда, ушчуваюць: маўляў, трэба хоць бы нешта разумець пра наступствы.

Канеўская: "Я ў медыцыне не вельмі разбіраюся, рэдка трапляю ў бальніцы, рэдка хварэю, а тут такое".

Нагадаем, што маці, якія змагаюцца за змены ў артыкул 328 КК Рэспублікі Беларусь, галадалі 15 дзён — у Калінкавічах і вёсцы Востраў пад Пухавічамі. Пазней галадоўку падтрымалі ў Лідзе. Сваякі асуджаных дамагаліся сустрэчы з Лукашэнкам. 19 мая ім прыйшоў адказ з Адміністрацыі прэзідэнта: просьба аб сустрэчы з кіраўніком дзяржавы не задаволеная, бо ў таго "занадта шчыльны графік". Пры гэтым у парламент паступіў праект зменаў у Крымінальны кодэкс, дзе змякчаецца найніжэйшы парог пакарання па артыкуле 328.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі