Ігар Маханёк: Праект S.O.P.A. капіруе самае дрэннае, што ўжо працуе ў Кітаі

120118 Malina Mahanek.mp3

18 студзеня кіраўніцтва англійскай версіі сайта wikipedia.org адключыла свой партал на 24 гадзіны. Зроблена гэта было ў знак пратэсту, бо ў гэты дзень праходзіла паседжанне Кангрэса ЗША, на якім мусілі абмяркоўваць законапраект Stop Online Piracy Act. Еўрарадыё вырашыла запытацца ў супрацоўніка кампаніі Google Ігара Маханька пра тое, як S.O.P.A. жа можа паўплываць на “сусветнае павуцінне”, ды што ўвогуле такога ён утрымлівае.

Ігар Маханёк: “Законапраекты S.O.P.A. ды P.I.P.A., калі будуць прынятыя, то будуць дзейнічаць толькі на тэрыторыі ЗША. Ідэя гэтых законаў у тым, што для кампаній, якія лічаць, што нейкія сайты парушаюць іх інтэлектуальныя правы, стане вельмі проста забараніць гэтыя сайты для амерыканскіх карыстальнікаў. Пры гэтым метады закрыцця прапануюць абсалютна цмокаўскія. Напрыклад, прапануюць абавязаць пошукавыя механізмы і сайты, якія змяшчаюць спасылкі (кшталту Google ці Wikipedia), не змяшчаць спасылкі на парталы, якія паводле пэўных кампаній, парушаюць іх правы. Таксама гэты закон будзе патрабаваць ад інтэрнэт-кампаній, каб яны правяралі кантэнт на легітымнасць да таго, як той будзе размешчаны ў інтэрнэце. Але гэта зробіць практычна немагчымым працу такіх сервісаў, як YouTube ці Wikipedia. Вялікая колькасць кампаній, у тым ліку і Google, выказаліся супраць гэтых законапраектаў, бо яны ўдараць па інтэрнэце.

Еўрарадыё: На вашу думку, закон усё ж будзе прыняты? Можна неяк гэта спрагназаваць?

Ігар Маханёк: За апошнія дні некаторыя дэпутаты, якія раней выказваліся за гэты законапраект, ад яго адмовіліся. А некаторыя прапануюць пераглядзець гэты закон у больш мяккі бок, каб ён утрымліваў менш радыкальных зменаў. Праблема ў тым, што ён усё роўна можа быць прынятым у нейкай форме. Лобі за гэты законапраект вельмі моцнае, бо яго падтрымліваюць амаль усе буйныя кампаніі, якія займаюцца гуказапісам, стварэннем фільмаў і г.д. Акрамя таго, ёсць законапраект P.I.P.A., які разглядаецца ў Сенаце. Пра яго ўвогуле нічога пакуль не зразумела, бо я не чуў, каб за апошні час якія-небудзь сенатары адмаўляліся ад гэтага законапраекту. Я б сказаў, што пакуль усё ў працэсе.

Еўрарадыё: Але калі ён усё ж будзе прыняты, ці паўплывае гэта на еўрапейскае заканадаўства? Ну і на Беларусь. Ці паўплывае ён на беларускі інтэрнэт?

Ігар Маханёк: Самае дрэннае: гэтыя законы капіруюць усё самае дрэннае, што ўжо працуе ў некаторых краінах, такіх як Кітай, Іран, Сірыя, Узбекістан і г.д. Напрыклад, Кітай з’яўляецца выдатным прыкладам краіны, дзе вельмі добра працуе інтэрнэт-цэнзура. Там вельмі проста закрыць пэўныя сайты для доступу кітайскіх карыстальнікаў. У Беларусі пакуль не ўсё так дрэнна, але мы ведаем, што ёсць указ №60, які ўсіх паставіў у дзіўны стан. Я скажу, што калі S.O.P.A. ды P.I.P.A. будуць прынятыя, то гэта адчуе ўвесь свет, бо web-сайты, якімі карыстаецца ўвесь свет, - ці амерыканскія кампаніі, ці кампаніі, якія павінныя падпарадкоўвацца законам ЗША. Напрыклад, праца YouTube, Wikipedia, Twitter, Facebook будзе вельмі моцна змененая, калі прымуць гэтыя законы. Таму значна больш важныя практычныя наступствы гэтага закону, чым, скажам, юрыдычныя хвалі па ўсім свеце. Практычны вынік будзе заўважны ва ўсім свеце. Пра тое, ці думае Еўрасаюз пра нейкі падобны закон, я б сказаў, што пакуль нічога ў гэтым накірунку не прадбачыцца. Насамрэч нават былі прынятыя такія рашэнні, што свабода доступу да інтэрнэту з-за праблем з копірайтам ніяк не можа быць абмежаваная.

Stop Online Piracy Act (SOPA) — законапраект, унесены ў Палату прадстаўнікоў ЗША 26 кастрычніка 2011 года Ламарам Смітам і групай з 12 сааўтараў. Законапраект пашырае магчымасці амерыканскіх праваахоўчых органаў і праваўладальнікаў у барацьбе з нелегальным кантэнтам у інтэрнэце, гандлем інтэлектуальнай уласнасцю, абароненай аўтарскім правам, і кантрафактам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі