"І тут з'яўляецца арабскі прынц": падрабязнасці вызвалення мараканца з палону

Брагім да вайны / фота з архіва сяброў Брагіма Саадуна

Муіз — сябар асуджанага на смяротнае пакаранне байца УСУ мараканца Брагіма Саадуна. Добраахвотніка асудзілі на смерць у так званай ДНР. Але ўчора высветлілася, што ён стаў адным з ваеннапалонных, якія атрымалі волю ў выніку абмену. Сябры, якія змагаліся за яго свабоду, да апошняга не ведалі, што Брагім трапіў у спіс.

— Днямі мы даведаліся, што спіс на абмен будзе вельмі магутны. Мы маліліся, трымаліся і, нарэшце, даведаліся, што Брагім трапіў у гэты спіс. Сёння першая добрая раніца за многія месяцы, — кажа Муіз.

Ён расказаў нам пра тое, што менавіта сябры Брагіма рабілі для яго вызвалення. І даў парады беларусам, якія хочуць дамагчыся свабоды для суайчыннікаў, што трапілі ў палон. На сёння вядома, што ў расійскім палоне знаходзяцца два грамадзяніны Беларусі.

Сябры Брагіма даведаліся пра тое, што плануецца абмен ваеннапалоннымі, толькі пару дзён таму. І да апошняга яны не ведалі, што ў спіс на абмен трапіў і сам мараканец.

— Гэта быў доўгі працэс, але ў выніку ўмяшалася Саудаўская Аравія. Усё прайшло гладка. Як усё гэта адбывалася з боку Саудаўскай Аравіі, мы не ведаем. Апошняя інфармацыя — Брагім знаходзіцца ў медыцынскім цэнтры, яго аглядаюць. Пакуль што ён не выходзіў на сувязь ні з сямейнікамі, ні з сябрамі.

Гэтыя месяцы былі вельмі напружаныя, кажа Муіз. Калі сябры Брагіма — якога яны называюць Брайнам — даведаліся пра тое, што ён трапіў у палон, пачалася праца.

— Мы сабралі каманду і вырашылі, што будзем выходзіць на медыя. Мы прасілі ўсіх, у каго ёсць хоць нейкія сувязі са СМІ, даць нам кантакты. Мы гаварылі пра Брагіма ўсюды. Усюды, дзе маглі. А калі яму выпісалі смяротнае пакаранне, мы наогул давалі па 15 інтэрв'ю ў дзень. Сувязямі з медыя займаліся пяць чалавек.

Потым на нас сталі выходзіць праваабарончыя арганізацыі. Нам аказалі юрыдычную дапамогу.

Мы падалі заяву ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, заяву разгледзелі на працягу двух дзён. У Amnesty International і Чырвоным Крыжы нам дапамагчы не змаглі. А потым падключылася ўкраінская праваабарончая арганізацыя, нам дапамаглі знайсці адваката для Брагіма. З яго дапамогай мы пачалі абскарджваць прысуд.

Мы былі ўпэўненыя ў поспеху, але думалі, што ўсё атрымаецца толькі пад канец года. А тут яшчэ і ў канцы, як у фільмах, з'яўляецца арабскі прынц і вызваляе Брагіма.

Але я ўпэўнены, што ў гэтым была задзейнічана і вайсковая разведка Украіны. Без іх удзелу гэтага б не здарылася.
 

"Мы не ўгаворвалі, мы патрабавалі"

Муіз кажа, што ўсе гэтыя месяцы ўкраінскія вайсковыя структуры былі на сувязі з групай сяброў Брагіма. Украінскія структуры хутка адклікаліся на запыты ініцыятыўнай групы, расказвалі пра крокі, якія рабілі.

— То-бок не было неабходнасці ўгаворваць унесці замежніка ў спісы на абмен?

— Мы не ўгаворвалі, мы патрабавалі. Мы вельмі моцна патрабавалі. А часам нават нападалі. У нас былі вельмі інтэнсіўныя зносіны, і ў выніку ўсё спрацавала, усе малайцы.

Мы папрасілі Муіза даць парады тым, хто хоча змагацца за тых беларусаў, якія знаходзяцца ў палоне проста цяпер.

— Без медыя гэта будзе вельмі складана. Трэба звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Патрабаваць і змагацца і ніколі не журыцца.

У мяне было два дні панікі, але, калі наша ініцыятыўная група сабралася разам, з'явіўся настрой на барацьбу.
 

"Ён увесь час хадзіў у камуфляжных штанах, хацеў у войска"

Па словах Муіза, Брагім стаў салдатам УСУ яшчэ ў лістападзе. Вайна пачалася праз некалькі месяцаў.

— Ён заўсёды казаў, што хоча ў войска. Я быў супраць гэтага, але не ўмешваўся. Ён заўсёды хадзіў у вайсковым адзенні: то ў камуфляжных штанах, то ў масцы ніндзя. Гэта тое, чаго ён хацеў. Хацеў атрымаць проста ваенны досвед, але атрымаў такі досвед, якому ніхто не пазайздросціць.

— Які цяпер план у сяброў Брагіма?

— Чакаем, калі ён выйдзе на сувязь. Мы не хочам, каб яго адпраўлялі ў Марока, таму што там яго могуць палічыць наймітам і пасадзіць. Там яму пагражае рэальная небяспека.

Мы хочам перавезці яго ў Фінляндыю, дзе жыве яго сястра. І як толькі ён туды трапіць — мы адразу ўсе туды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.