Хто біўся пад Оршай у 1514-м?

Пра адну з самых замоўчваных датаў у нашай гісторыі і адначасова самых прыцягальных распавядае гісторык Юрый Бохан
Савецкая гісторыяграфія выдавала, што там змагаліся жамойты з маскавітамі, часам порцыя лаянкі прызначалася палякам. Беларусам даставалася роля бяскласавага народа-селяніна, якога "ўсходні брат" прыйшоў вызваліць ад чарговых прыхадняў.

Гэтая традыцыя “рахманізацыі” нашай гісторыі працягваецца і сёння. Менавіта таму Еўрарадыё пастанавіла разабрацца, хто супраць каго там ваяваў.

На нашыя пытанні  адказаў Юрый Бохан, доктар гістарычных  навук, спецыяліст у галіне ўзбраення сярэднявечча:

— Бітва  пад Оршай 1514 году стала кульмінацыйнай у серыі войнаў, якія пачаліся  ў канцы XV стагоддзя. Гэта былі войны між Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам за "збіранне" гэтак званых “рускіх зямель". У 1444 годзе паміж Літвой і Масквой было заключанае пагадненне, якое размяжоўвала сферы ўплыву, фактычна, стварала будучую мяжу дзяржаваў.

Але, па вялікім рахунку, гэтае пагадненне азначала, што наша краіна адмаўлялася ад актыўнай знешняй палітыцы на ўсходзе — рэальна гэта прывяло да таго, што, “дзякуючы” і кіраўніку дзяржавы, Казіміру Ягелону, які засяродзіўся выключна на польскай палітыцы, Масква перахапіла тую ролю “аб’яднаўцы”. А такім чынам, ужо напрыканцы XV стагоддзя “збіранне” прывяло да першых ваенных сутыкненняў… І вось, ужо ў 1514 годзе быў страчаны найважнейшы фарпост нашай дзяржавы на ўсходзе – Смаленск.

Еўрарадыё: Чаму пачаліся такія актыўныя ваенныя дзеянні? Чаму Масква выступіла з такой вайсковай сілай (80 тысяч ваяроў) супраць ВКЛ (30 тысяч ваяроў)?

Юры Бохан:  Якраз у канцы XV ст. дынастыя Ягелонаў была, бадай, самая моцная ў Еўропе, бо у яе кола ўваходзілі моцныя дзяржавы: Вялікае Княства Літоўскае, Польшча, Вугоршчына і Чэхія. І зразумела, што праз пэўны час гэтая Ягелонская кааліцыя нажыла вельмі шмат ворагаў у Еўропе. Гэта была Маскоўская дзяржава, Тэўтонскі Ордэн, Свяшчэнная Рымская імперыя, нямецкая дзяржава Максіміліяна І Габсбурга. У дадатак да гэтай кааліцыі далучыліся яшчэ дзве паўднёвыя дзяржавы: Крымскае ханства (яно стала праціўнікам ВКЛ, бо у свой час Княства падтрымала адвечнага ворага крымчакоў, Вялікую Арду, у барацьбе з Масквой) і Турцыя, якая ў той час імкнулася ў Еўропу (а шлях туды ляжаў праз Балканы і Вугоршчыну). У дадатак, праціўнікамі ВКЛ сталі яшчэ і васалы Турцыі: Румынія і Малдова. Такім чынам дзяржавы Ягелонаў, літаральна, атачаў пояс моцных ворагаў. Існавалі нават планы падзелу, паводле якіх Польшча павінна была адыйсці да Нямеччыны, а нашая краіна — да Масквы.

Еўрарадыё: Хто браў удзел у войску Вялікага Княства Літоўскага?

Юры Бохан: Часы, калі ў вайне ўдзельнічалі толькі нацыянальныя сілы, мінулі: прыкладам, Францыя пасля стогадовай вайны перайшла да наёмных армій. Тая ж сітуацыя была і ў ВКЛ, і ў Польшчы, і ў Масквы. І ў арміі нашай краіны таксама былі найміты. Так, прыкладам, у 1500 г. Аляксандр Ягелон заснаваў спецыяльны рыцарскі ордэн, у які ён запрашаў з усіх краін Еўропы рыцараў, прагных да Марсавага поля. У нашай арміі акрамя большасці беларусаў былі  чэхі, венгры, палякі.

Быў такі факт: у 1544 годзе туркі пагражалі Польшчы, і калі палякі звярнуліся да нашых продкаў з просьбай аб дапамозе, то Вялікае Княства адказала, маўляў, калі былі ўсе папярэднія войны, вы нам ніколі не дапамагалі ні грашыма, ні жаўнерамі.

А гэта сведчыць пра тое, палякі, якія бралі ўдзел у Аршанскай бітве, былі наёмнікамі. Таму можна сцвярджаць, што ў бітве пад Воршай ваявалі жаўнеры ВКЛ (нашыя продкі — А.Р.)  з жаўнерамі Маскоўскага княства (продкі рускіх — А.Р.).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі