Вы тут

Хлопец, які спрабаваў адбіць анархістаў у міліцыі, амаль не вылазіць з ШЫЗА

Святаслаў Барановіч падчас судовага паседжання / svaboda.org

Святаслаў Барановіч, асуджаны да 3 гадоў зняволення за бойку з міліцыянтамі ў цывільным, амаль не вылазіць з штрафнога ізалятара. Ужо больш за год ён не атрымлівае лісты ад сваякоў, яму не дазваляюць перадаць акуляры.

Сястра зняволенага Наталля распавяла Еўрарадыё, што, найхутчэй, гэта звязана не з наўмысным ціскам на Барановіча з боку адміністрацыі папраўчай калоніі, а з яго асабістай пазіцыяй.

“Ён амаль увесь час сядзіць у ізалятары, але казаць пра тое, што яго нехта там прэсуе, — гэта нельга. Святаслаў такім чынам выражае свой нейкі пратэст, за што і атрымоўвае, — распавядае Еўрарадыё Наталля. — І лісты ён сапраўды не атрымлівае ўжо даўно, больш за год. Але калі б і атрымліваў, то наўрад ці здолеў бы прачытаць, бо ў яго вельмі дрэнны зрок, а акуляры ўвесь час чамусьці забараняюць перадаваць”.

З чым звязаная гэтая забарона — дакладна невядома, але цалкам магчыма, што акуляры нельга перадаць чалавеку, які знаходзіцца ў штрафным ізалятары.

Таксама жанчына адзначае, што Барановіч моцна схуднеў, але стан здароўя ў яго задавальняльняючы. Ён займацца сабой і ўвесь час прыдумляе нейкія практыкаванні, каб падтрымліваць сябе ў форме. 

Святаслаў Барановіч адбывае пакаранне ў ПК-1 у Наваполацку. Ён асуджаны за тое, што пасля пратэстнага  “Марша недармаедаў” ў сакавіку 2017 года спрабаваў адбіць групу анархістаў у міліцыянтаў у цывільнай вопратцы. Аднаго з іх Барановіч ударыў па галаве — той атрымаў сур’ёзную траўму. 

Падчас следства Барановіч распавёў, што здагадваўся, што б’е пераапранутага сілавіка. 12 сакавіка 2018 года Суд Маскоўскага раёна Мінска пакараў яго трыма гадамі пазбаўлення волі. 

Барановіч мусіць выйсці на волю ў кастрычніку 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.