Хлеб, сала ды бульба

Беларусы хочуць быць гурманамі. Нашыя навукоўцы і тэхнолагі распрацоўваюць для нас нешта новае, арыгінальнае, а галоўнае – смачнае! Перад Yовым годам у Гомелі пачаў выходзіць хлеб з салам. Не, не падумайце, што ў выглядзе звычайных канапак. Сала, пасечанае на мелкія кавалачкі, знаходзіцца ўнутры бохана.

Не паспелі мы нарадавацца такому цудоўнаму з’яўленню, як атрымалі новы падарунак ад даследчыкаў навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па харчаванні, якія распрацавалі 22 новыя тэхналогіі страваў з бульбы.

У тым ліку і добра нам вядомые дранікі. Так усімі любімы бульбяны прадукт мы зможам набываць у замарожаным выглядзе і захоўваць у сваіх лядоўнях ажно да 9 месяцаў!

Але існуе і сумная нота: з’явяцца дранікі толькі недзе ў 2010 годзе. Прычыны такога доўгага чакання тлумачыць галоўны эканаміст РУП “Тэхнапрод” Наталля Іванова:

“У гэтым годзе пачынаецца будаўніцтва. Прыкладна адзін мільярд і восемсот міліёнаў бюджэтных грошай будзе выдаткавана на гэты год.

Недзе ў 2010 годзе распачнецца вытворчасць. Прадукцыя будзе для ўсёй Беларусі. Вырабляцца яна будзе не ў Мінску, а ў горадзе Мар’іна Горка. Гэта будзе адзіны вялікі комплекс.

Там будуць вырабляцца не толькі дранікі, а яшчэ і клёцкі, замарожаныя прадукты, такія як гарошак, садавіна і гародніна. Але як паэтапна будзе ісці будаўніцтва і калі што пачне запускацца, сказаць яшчэ вельмі цяжка”.

Што тычыцца хлеба з салам, ім ужо без усялякіх праблемаў можна пачаставацца. На жаль, пакуль толькі на Гомельшчыне.

Ды і там ён яшчэ не карыстаецца шырокім попытам, але супрацоўнікі гомельскага хлебазаводу № 1, дзе вырабляецца цуда-хлеб спадзяюцца, што сітуацыя зменіцца, як толькі ён з’явіцца ў іншых гарадах Беларусі і Расіі. Распавядае начальнік бюро збыту і маркетынгу 1-га хлебазаводу Гомеля Ала Кісялёва:

“За межы Гомельскай вобласці і Беларусі мы пакуль яшчэ не выходзілі. У далейшым мы маем планы выйсці на Расію і Віцебскую вобласць. Мы будзем прапаноўваць яго як у звычайным, так і ў замарожаным выглядзе. Пакуль мы робім толькі сто штук на суткі. Папулярнасць пакуль не высокая”.

На гэтым беларускія тэхнолагі не збіраюцца прыпыняцца. Магчыма, у хуткім часе на нашых прылаўках з’явіцца хлеб з вяндлінай. Кажа тэхнолаг 1-га хлебазаводу Гомелю Алена Ткачова:

“Хлеб з вяндлінай у нас плануецца. Піцы з гароднінай і вяндлінай мы ўжо робім. Сёння ў нас існуе чатыры віды хлеба з салам: “Хлеб з салам”, “Хлеб паляўнічы з салам і цыбуляй”, “Хлеб паляўнічы з салам і часныком” і “Хлеб украінскі з салам”. На гэты момант мы пакуль прыпыніліся, мы толькі піцы запусцілі і яшчэ плануем запусціць слойкі з вяндлінай і сырам”.

Застаецца толькі чакаць новых арыгінальных прапаноў і спадзявацца, што разам з арыгінальнасцю мы атрымаем і вельмі добры смак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі