Гурт N.E.O. застанецца, але з кім і як невядома

На днях Андрэй Маркуц – стваральнік і кіраўнік гурта N.E.O. – заявіў, што калектыў спыняе працу ў былым выглядзе.
Праўда гэта ці не і што стала прычынай такога рашэння, мы запыталі ў самаго Андрэя:

“Няпраўда, гурт існуе, але ў студыйным варыянце. Не фізічна, а брэндава, і прадстаўлена маёй асобай. Склад распускаецца з-за творчых непаразуменняў.

Ёсць песні, яны будуць выпускацца пад назвай Маркуц ці пад нейкімі іншымі, але песні пішуцца. І калі музыка — гэта ясна, то яшчэ я пачаў пісаць тэксты, таму ёсць такая магчымасць, што выдавацца яны будуць пад брэндам N.E.O.

Да таго ж, я зараз бяру ўдзел у шматлікіх праектах, напрыклад, у тэатральным праекце з Андрэем Курэйчыкам, таксама ў сольным інструментальным праекце і пастаянна супрацоўнічаю з гуртом Atlantiсa.

Але зараз пачалася нейкая спрэчка з Вадзімам Касалапавым, магчыма, там яшчэ будуць варыянты”.

Па словах Андрэя, за апошні год N.E.O. выдалі толькі 2 новыя песні і ўвесь час працавалі над пераспеўкамі чужых хітоў, менавіта гэта і стала асноўнай прычынай развалу гурта.

Каб больш дасканала разабрацца ў сітуацыі, мы патэлефанавалі з тымі ж пытаннямі вакалісту і аўтару тэкстаў N.E.O. Вадзіму Касалапаву:

“Мы сустракаліся сёння з Андрэем і размаўлялі пра магчымыя перспектывы існавання гурта. Мне, канешне ж, не хацелася б расставацца з Андрэем, але хутчэй за ўсё нашыя шляхі разыйдуцца.

Тым не менш, я збіраюся працягваць працаваць пад той жа назвай і выступаць у якасці вакаліста гурта N.E.O. Адзінае, канешне, што я застануся без аўтара музыкі, таму што ўсю музыку для калектыву пісаў Андрэй.

Вядома, з-за нашага раставання і гурт, і кожны з нас шмат згубяць, але калі па-іншаму нельга вырашыць пытанне, то нічога не зробіш. Канфлікты ў нас з Андрэем узнікаюць ужо даўно. Апошнім часам мы мелі выключна працоўныя зносіны, то бок пад час запісаў, канцэртаў і г.д.
Андрэй казаў, што апошні час мы займаліся толькі пераспевам чужых песен, але гэта ўжо перабор. Насамрэч гэта была праца для розных праектаў АНТ, СТВ, і ніякага дачынення да запісу альбомаў гэта не мае. І калі шчыра, то сумесная творчая праца спынілася ўжо паўгоду таму”.

Нагадаю, што супрацоўніцтва Андрэя Маркуца і Вадзіма Касалапава пачалося яшчэ ў 1997 годзе ў гурце Flammable. Пасля чаго ўжо ў складзе N.E.O. музыкі выдалі поўнафарматны альбом "Слышишь, Земля", сінгл "Душа" і праект з сімфанічным аркестрам "Дикая охота".

Дзіўна! Столькі год прапрацаваць разам і нават не вырашыць, за кім пакінуць назву калектыву. Наўрад ці гэта проста творчы крызіс.

Фота: westrecords.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі