Гурт Chiefs Band рыхтуе бульба-фанкавы альбом

Па словах лідара і басіста гурта Аляксандра Мышкевіча, музыкам засталося запісаць толькі дзве песні.

Аляксандр Мышкевіч: "На 80% ён гатовы, бо альбом складаецца з 10 песень і нам не хапаю дзвюх. Яны прыдуманыя, трэба толькі аранжыроўкі зрабіць. Усе кампазіцыі будуць выключна аўтарскія, з іх будзе 5-6 вакальных".

Самі музыкі характаразуюць свой стыль, як бульбяны фанка-джаз.

Аляксандр Мышкевіч: "Чорнаскурыя прыдумалі блюз ды джаз, а мы прыдумалі бульбяны фанка-джаз. Яны ж там былі на кукурузных плантацыях, а мы на бульбяных".

Назву дыска музыкі пакуль не прыдумалі, але ўжо задумваліся над выглядам вокладкі, якую плануюць зрабіць падобнай на класічныя мультфільмы Warner Brothers. Падумваюць музыкі і пра кліп, але калі і на якую песню ён будзе здымацца пакуль не вырашана. Тым не менш, Аляксандр ужо дамовіўся пра здымкі з Матвеем Сабуравым.

Аляксандр Мышкевіч: "Шмат хто нам нават прапаноўвае зняць кліп, але мне гэта не пасуе, бо я ведаю, што адзін раз зняць кліп не вельмі добрай якасці... А потым больш якасны здымаць, потым яшчэ лепшы - ну навошта гэта. Я хачу адразу зняць нармальны кліп, тым больш, што ўжо ведаю рэжысёра, які б здымаў нам кліп - Матвей Сабураў. Я з ім размаўляў і ў прынцыпе ён не супраць, адзінае трэба, каб ён матэрыял паслухаў".

Прэзентаваць дэбютны альбом Chiefs Band плануе ў якім-небудзь невялікім памяшканні, але ўсё можа змяніцца, бо залежыць ад рэакцыі публікі.

Фота: Зміцер Руцкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі