ГУМ: У нас нават 2009 года касцюмы віселі

У “Еўропах”— самы сезон распродажаў летніх калекцый. А ці бачылі вы распродажы старых калекцый беларускага адзення?

Вось магазін "Элема", на ўваходных дзвярах павабная прапанова "Зніжка 45%!".

Калі ёсць зніжкі ў 45%, значыць, недзе ёсць і новая калекцыя. Дзе менавіта, пытаюся ў найбліжэйшага прадаўца. Дзяўчына няўпэўнена паказвае рукой кудысьці ў залу.

"Вось яна, новая калекцыя. У нас усё ўперамешку, праўда", — бянтэжыцца прадавец. Дык а чым жа новая калекцыя, дазвольце, адрозніваецца ад старой? На гэтае пытанне дзяўчына нічога не адказвае і пачынае рагатаць: маўляў, пытанне не да нас, а да вытворцы. Дарэчы, тыя самыя 45% зніжкі, якія завабілі мяне ў краму, можна атрымаць на паліто... 2012 года!

Цэннік на калекцыі 2013 ці 2014 года адрозніваецца не моцна — 2,5-3,8 мільёна за дэмісезонныя жаночае паліто. Не адрозніваецца і фасон: каўняры-хамуты, гузікі ў два рады, балахоны. Хто тут разбярэ новую і ўжо не новую калекцыю.

На чарзе "Світанак". Вопратку гэтай маркі паважаю за прыемныя целу тканіны, але наўпрост скажам, якасць не вельмі. Пасля некалькіх пранняў некаторыя майкі расцягваюцца да каленяў, а рукавы хоць на спіне завязай. Але тут акцыя: зніжка 25-40%!

Акцыя, праўда, не вельмі шчодрая — на ўваходзе адна паліца з рэчамі, якія засталіся ў адзінкавым экземпляры або адзінкавым памеры. Але зніжкі! Выбіраю проста для прымеркі рэчы 2014 і 2013-га. Джэмпер 2013-га каштуе 108 тысяч, 2014-га — 87 тысяч рублёў. Розніца ў колеры і малюнку.

Фасон — адзін і той жа. Мераць не стала, затое з задавальненнем надзела начную кашулю. Для сябе ахрысціла яе манаскай — таму што сарочка да падлогі і наглуха закрытая. Трэба сказаць, што ў расфарбоўках начных кашуль "Світанак" пастараўся — 2014 выглядае весялей. Але вось цэны прыкладна аднолькавыя.

Накіроўваюся яшчэ ў адну фірмовую краму, "Калінка". На сайце фірмы ёсць даволі сімпатычныя варыянты сукенак. У краме ўсё гэта выглядае дзіўна — выцягнуць на свет і ацаніць рэч складана, бо ўсё забіта адзеннем. У прадаўца пытаюся: дзе ў вас новая калекцыя? Тая трохі бянтэжыцца і на вешалцы адшуквае мадэль 2014 года. Але сама рэкамендуе мне купіць мадэль 2013-га — кажа, добра ідзе, усё яе купляюць. Напэўна, таму да гэтага часу прадаць не могуць.

Па словах прадаўца, зніжкі на старую калекцыю няма, ды і паняцця такога — старая калекцыя — няма. Вісіць і вісіць.

"Толькі калі на краму прыйдзе папера, калі маркетолагі вырашаць, што гэтыя калекцыі нехадавыя, можа быць зніжка. Але не больш за 30%, гэта максімум", — кажа дзяўчына і паказвае мне дзве даволі падобныя мадэлі. Толькі адна леташняя, другая — новая!

Накіроўваюся ў ГУМ — у аддзел мужчынскага адзення. Там цэлыя нерухомыя шэрагі мужчынскага адзення, расійскіх і беларускіх вытворцаў. Пытаннем, дзе ў іх новая калекцыя "Камітэрна", заганяю прадаўшчыцу ў ступар.

"2009 года былі неяк касцюмы", — і паказвае на невялікі, сціпла схаваны за калонай закуточак "уцэненага тавару". Касцюмам "з бляскам" амаль тры гады. І нічога. Шукаем касцюм-старажыл, але, мабыць, яго ўжо хтосьці купіў.

"Людзі наогул не глядзяць, мужчынам усё роўна. Цана падыходзіць, падабаецца, як сядзіць, — купляюць".  – галоўнае ж, каб касцюмчык сядзеў.

Як расказалі Еўрарадыё на гомельскай фабрыцы "Камітэрн", новыя калекцыі ў іх сапраўды існуюць, але зацвярджаюцца раз на год і адшываюць цягам года.

"Раз на год новая калекцыя зацвярджаецца. Звычайна пасля кірмашоў восеньскіх — уносяцца змены і заўвагі, і калекцыя зацвярджаецца. Цягам года мы паступова іх адшываем. А крамы — у іх звычайна няма месца вешаць нашы касцюмы неяк асобна — часта вешаюць па памерах і ўсё. Мы не можам ім дыктаваць, што куды вешаць", — кажа Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях фабрыкі "Камітэрн "Таццяна Літвіновіч. Яна запэўнівае, што і распродажы бываюць. Вось толькі з вельмі маленькімі зніжкамі.

"Замежныя брэнды могуць закладваць рэнтабельнасць у 200%, а потым ужо, вядома, зніжкі ідуць. Мы б таксама хацелі рабіць велізарныя зніжкі з панскага пляча, але ў нас вельмі маленькая рэнтабельнасць. Таму і зніжкі 25-30% максімум”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі