Вы тут

ГУБАЗіК: "Украіна лічыцца недружалюбнай дзяржавай у наш адрас"

Юрый Ткачук / СТБ

МУС вывучаў досвед украінскіх падзеяў 2014 года, каб супрацьстаяць беларускім пратэстам. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Юрый Ткачук.

"Мы ўжо ў 2014 годзе прааналізавалі пагрозу, якая можа існаваць для Беларусі, зразумелі, што абарот зброі, які незаконна арганізаваўся на тэрыторыі Украіны, можа прабрацца на тэрыторыю нашай краіны. Натуральна, прынятыя пэўныя меры, узмоцненыя аператыўныя пазіцыі, таму такога павальнага пранікнення незаконнай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь не адбылося", — паведаміў ён. 

Ткачук заявіў, што з улікам украінскіх падзей асаблівая ўвага надавалася фанацкаму руху. Яго. маўляў, удалося нейтралізаваць: "Мы звярнулі ўвагу на гэтую групу асоб, якія вельмі лёгка паддаюцца ўплыву і маглі б павесці за сабой пэўныя дэструктыўныя сілы. Натуральна, да 2020 года мы да гэтага таксама падрыхтаваліся. Як вы бачылі, фанацкі рух не змог праявіць, хоць былі такія спробы з іх боку".

Прадстаўнік ГУБАЗіК сказаў, быццам цяпер Украіна не будзе перашкаджаць экспарту зброі ў Беларусь. "Тым больш, цяпер Украіна лічыцца недружалюбнай дзяржавай у наш адрас", — патлумачыў ён. 

Заявы пра кантрабанду зброі з Украіны ў Беларусь неаднаразова гучалі з боку беларускага кіраўніцтва. Аднак на зварот украінскіх памежнікаў агучыць такія факты адказу з беларускага боку так і не было. Толькі ў фільме АНТ пра Мікалая Аўтуховіча прагучалі заявы, што ён дамаўляўся з украінцамі пра закупку зброі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.