Гродзенца будуць судзіць за двайную хлусню пра выбуховую прыладу

Гродзенца будуць судзіць за двайную хлусню пра выбуховую прыладу

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 28-гадовага гродзенца за заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы. Максімальнае пакаранне, якое пагражае маладому чалавеку — 5 гадоў пазбаўлення волі.

Па звестках следчых, 16 студзеня каля паловы шостай раніцы гродзенец, знаходзячыся ў адным з начных клубаў, затэлефанаваў са свайго мабільніка на нумар "102". Ён паведаміў, што ў клубе закладзенае выбуховая прылада.

Праваахоўнікі, якія прыбылі на месца выкліку, аператыўна эвакуявалі з клуба 48 чалавек. Аднак сапёры не знайшлі выбухоўкі ў памяшканні.

Калі гродзенца затрымалі, ён заявіў міліцыянтам, што выбухоўка замацаваная на яго целе. Праўда, і гэтая інфармацыя апынулася ілжывай.

Высветлілася, што мужчына тэлефанаваў у міліцыю ў нецвярозым стане. Утрыманне алкаголю ў яго крыві склала 1,7 праміле.

Няўдалага "мінёра" затрымалі. Вырашаецца пытанне наконт меры стрымання. На маёмасць гродзенца наклалі арышт, каб кампенсаваць выдаткі, абумоўленыя яго дзеяннямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі