Гледачы: "Таnin Jazz - на Еўрабачанне!"

Вечар чацвярга 15 снежня выдаўся гарачым для музычнага Мінску: кафэ Лофт патанала ў гуках этна-дыскатэкі Алега Скрыпкі, панкі разрываліся ў жаданні патрапіць і на “Дай Дорогу!” і на “Красные Звёзды”. Уладзімір Цэслер раздаваў аўтографы з нагоды выхаду альбома-“бэста” уласнай творчасці, а беларускі гранж нарэшце займеў сваю складанку. Тым не менш, сярод мітусні знайшоўся прытулак і стыльнаму, ціхаму джазу з моцнай энергетыкай ад каманды Tanin Jazz.

Таня Гарошка

“Мы тут таму, што нам падабаецца джазавая музыка. Таnin Jazz – гурт, які існуе не так даўно, сучасны гурт - захацелася яго проста схадзіць паслухаць. Мы чулі шмат водгукаў добрых пра яго. Шыкоўна! Мы проста адпачылі душой. Разняволіліся, і заззялі, і стала добра на душы. Малайцы! Усяго ім найлепшага!” – перабіваюць адна другую сяброўкі бальзакаўскага ўзросту.

 

Як і абяцала фронтвумэн гурта Таня Гарошка Еўрарадыё, Таnin Jazz з’явіўся перад гледачамі ў новым гучанні. Творы дэбютнага альбома праекту “Feel This Time” набылі новыя аранжыроўкі, адценні, маніста ды завушніцы. Джаз у выкананні музыкаў то ўзлятаў да рытмічнасці “Incognito”, то акунаўся ў хвалі Парамарыба падобна гурту “Квартал”, то, дзякуючы сінтэзатарнай майстэрні Косці Гарачага, пераносіў малую залу КЗ “Мінск” у космас. Праўда, шчасце гэтае цягнулася ўсяго гадзіну, што крыху засмуціла гледачоў.

Канстанцін Гарачы

  Маладая пара: “Гэта цалкам выпадкова атрымалася – у сяброўкі, на жаль, не выйшла пайсці на канцэрт з хлопцам, таму прапанавала квіткі нам. Канцэрт пакінуў спрэчнае ўражанне. Мы ўпершыню на такім канцэрце – вельмі цікава, добрая музыка. Але мала”.

 

Таnin Jazz заняў пустуючую нішу ў беларускай музыцы – нішу стыльнага аўтарскага вакальна-танцавальнага джазу, які сваімі рытмамі і лёгкай меланхоліяй можа ўпрыгожыць і запаліць як клубныя пляцоўкі, так і сур’ёзныя канцэртныя залы. І вельмі не хацелася б, каб праект заграз у беларускім балоце. Але Таня Гарошка не збіраецца сядзець на месцы.

Вечаслаў Сяргеенка

 Таня Гарошка: “Унутрыбеларускім прадуктам стаць не атрымаецца, таму што, на жаль, вельмі мала людзей падрыхтаваныя да такой музыкі і гатовыя прыйсці на канцэрт, паслухаць і ўнікнуць у гэта ўсё. З іншага боку, мне падаецца, што ў любой краіне няма такога, каб людзі не выязджалі, сядзелі дома пастаянна. З улікам таго інфармацыйнага патоку, які зараз адбываецца ва ўсім свеце, я не думаю, што мы засядзімся на месцы”.

 

Захопленыя пачутым гледачы, у сваю чаргу, таксама вынеслі вердыкт гурту, крануўшы хворае месца беларусаў: Таnin Jazz не сорамна паказаць на “Еўрабачанні”.

Аляксандр Мінец

Мы любім джаз, і сёння ўпершыню пазнаёміліся з “таніным” джазам. Мы проста ўсцешаныя, што ў нас ёсць такія шыкоўныя калектывы! Іншае пытанне, навошта пераймацца – некага выстаўляць на “Еўрабачанне”, я б прапанавала гэты варыянт ад нас”, - дзеліцца ўражаннямі дама сярэдняга ўзросту.

 

Наўрад ці музыкі “Танінага Джазу” падхопяць ідэю прыхільнікаў і задумаюцца наконт удзелу ў самым папулярным конкурсе артыстаў з тэлевізара – ім і так ёсць чым заняцца. Музыкі заканчваюць працу над перазапісам альбома “Feel This Time” і паціху робяць новую пласцінку, кажа Таня Гарошка.

Таня Гарошка: “ Усё-такі мы – некамерцыйны праект. Як муза нас наведае, з такой хуткасцю мы будзем яго рабіць. Але мы робім, мы не спыняемся, таму што ёсць такая прага арганізма гэта рабіць”.

 

Дарэчы, перавыдадзены альбом “Feel This Time” Таnin Jazz плануе выпусціць да канца гэтага году.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі