Глеб Лабадзенка: Рыгор Барадулін падпісваў каля 80-90 кніг у дзень

120123 Labadzenka s.mp3

Еўрарадыё: Колькі чалавек узялі ўдзел у акцыі? І як Рыгор Барадулін сябе пачувае, ведаючы, што столькі людзей жадаюць набыць ягоную кнігу?

Лабадзенка: Агулам, прыняло ўдзел 646 чалавек. Першапачаткова было 177 кніг, якія планавалася раздаць, але за першыя двое сутак паўдзельнічалі ўжо 400 чалавек, таму мы ўзялі нейкія кнігі ў выдавецтвах, нешта Дзядзька Рыгор са старога яшчэ знайшоў. Некаторыя ўдзельнічалі сем’ямі, таму дзядзька Рыгор падпісаў больш за 700 кніг. Ён рабіў гэта з вялікім імпэтам: трэба было зрабіць да аўторка, а ўжо на выходных ён скончыў падпісваць кнігі. Сказаў, што яму вельмі прыемна, што столькі людзей адгукнулася.

Еўрарадыё: Колькі ён дзён гэта падпісваў? 700 кніг – гэта ж цэлы месяц трэба падпісваць!..

Лабадзенка: Дзядзьку Рыгору дапамагала яго сяброўка Наталля Давыдзенка, з якою ён працаваў у выдавецтве “Мастацкая Літаратура”. Яна ўзяла на сябе апрацоўку спісаў, дыктавала яму, падавала кнігі падпісваць. Таму яму было зручна падпісваць. Ён вылучыў на гэта некалькі дзён і ў дзень падпісваў каля 80-90 кніг. Я лічу, што гэта – рэкорд, таму што нават не кожнаму маладому чалавеку будзе проста гэта падпісаць.

Еўрарадыё: А як выглядае подпіс?

Лабадзенка: Усе подпісы персанальныя. Мэтай было не проста раздаць кучу кніг з аўтографам, а каб кожны чалавек атрымаў аўтограф менавіта для сябе. Ясна, што праз такую вялікую колькасць аўтографы не вельмі шырокія. Напрыклад, Дзядзька Рыгор мог напісаць: “Шаноўнай Алене на поспех”, дата і подпіс. Прыкладна так выглядалі аўтографы. Як некаторыя жартуюць, што ў такім аўтографе галоўнае, не хто падпісаў, а каму падпісана, каб можна было хваліцца сябрам і знаёмым.

Еўрарадыё: Гэтыя кнігі раздаюцца за ахвяраванні, ці за кошт, які стаіць на іх у крамах?

Лабадзенка: З самага пачатку мы казалі, што гэта не продаж кніг і ніякіх коштаў мы не выстаўлялі. Мы проста збіралі ахвяраванні, але кожны сам сабе вызначаў, колькі пакласці ў скрынку. Ясна, што мы пісалі пэўныя рэкамендацыі, таму што ёсць аб’ектыўны сабекошт кнігі. Калі чалавек, умоўна кажучы, ахвяруе менш за сабекошт, то ніякага ахвяравання тады няма. Трэба сказаць, што мала было выпадкаў, калі людзі прыносілі менш за сабекошт. Ніводнаму чалавеку мы не адмовілі, бо гэта ўсё было добраахвотна.

Еўрарадыё: Цяпер мусіць вельмі цяжка будзе купіць кнігу Рыгора Барадуліна ў Мінску, бо шмат ужо раздадзена…

Лабадзенка: Не думаю, што цяжка, таму што з кнігарняў мы гэтых кніг не забіралі. Фактычна, мы ўзялі кнігі, што былі ў яго дома – 177 кніг за апошнія гады, і каля трохсот аўтарскіх асобнікаў за старыя гады – з 70-ых да 90-ых. Выдавецтвы давалі кнігі, яны не разышліся – некаторых 15 асобнікаў, некаторых – 40. У выдавецтвах мы ўзялі толькі 150 кніг, але мы іх не спустошылі – кніг яшчэ засталося многа.

Еўрарадыё: Гэта праўда, што нейкая дзяўчына напісала, што на такой сустрэчы сустрэла свайго будучага мужа?

Лабадзенка: Для мяне гэта было прыемнай нечаканасцю і здзіўленнем. Яны сустрэліся яшчэ на мінулай акцыі – тры гады таму. Цяпер яна зноўку ўзяла ўдзел у акцыі і паведаміла пра гэта. Гэта добра, бо акцыя выйшла за свае задачы і дапамагла не толькі Рыгору Барадуліну, але і ўдзельніцы акцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі