Гіркін палохае маскоўскім Майданам і вайной Украіны супраць Расіі (відэа)

Прычынай яго з'яўлення перад журналістамі стала паведамленне ўкраінскіх СМІ пра забойства Гіркіна ў Растове. Але, як паведамляла Еўрарадыё, растоўскія праваахоўнікі гэта абверглі.

Як вядома, Гіркін знік з Данецка, дзе ён быў "міністрам абароны ДНР", у жніўні. Былі чуткі пра яго раненне. Днямі з'явілася відэа, на якім зафіксаваны яго візіт у адзін з праваслаўных манастыроў у Расіі.

На прэс-канферэнцыі былы кіраўнік данецкіх тэрарыстаў заявіў, што Украіна рыхтуецца да паўнамаштабнай вайны з Расіяй. Паводле яго слоў, ударныя групоўкі, які ствараюцца Кіевам, накіраваныя на наступальныя дзеянні. Адначасова ў тыле ўкраінскія сілавікі будуюць умацаваныя пазіцыі, дзе яны "плануюць адседзецца ў выпадку паражэння".

"І гэтая абарончая канфігурацыя агулам накіраваная не супраць апалчэння, а супраць Расіі, гэта значыць, збіраючыся разграміць апалчэнне, праціўнік рыхтуецца ў той жа час да вайны з Расіяй, прычым шырокамаштабнай".

Гіркін сцвярджае, што баевікі ў Данецкай і Луганскай абласцях маюць сілы для таго, каб стрымаць украінскія войскі, але без маштабнай падтрымкі Расіі яны не могуць атрымаць канчатковую перамогу. Таксама ён кажа пра здраднікаў, якія збіраюцца "зліць" так званую "Наваросію" і прадказвае з'яўленне маскоўскага "Майдана" (яго, нібыта, створаць "правыя" і "левыя") і хваляванняў насельніцтва, чаго нельга дапусціць. "Згубім Наваросію, згубім Расію", — робіць выснову былы данецкі тэрарыст. Ва Украіну ён вяртацца не збіраецца.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі