Вы тут

Гэта ці сон, ці падстава — маці Сафіі Сапега пра "прызнанні" дачкі

Сафія Сапега / фота з сацсетак​

Ганна Дудзіч, маці затрыманай разам з журналістам Раманам Пратасевічам Сафіі Сапега, прызналася, што наогул не разумее, што кажа яе дачка.  Невялікае відэа з заявай Сапега апублікаваў напярэдадні праўладны тэлеграм-канал. Дзяўчына гаворыць на відэа, што адміністравала тэлеграм-канал "Чёрная книга Беларуси".   

"Я дзясяты раз праглядаю гэтае відэа і не разумею, што яна кажа... Я не разумею наогул, што адбываецца", — сказала Ганна Дудзіч у інтэрв'ю RT.

Па словах жанчыны, яна не ўяўляе, пра якую "Чёрную книгу" можа ісці гаворка.

"Ці я заблыталася, ці гэта сон, ці гэта падстава", — сказала яна.

Сафія Сапега — грамадзянка Расіі. Напярэдадні стала вядома, што яе арыштавалі на два месяцы. Дзяўчыне "выстаўленыя падазрэнні па ч. 1 арт. 293 КК Беларусі (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай — рэд.) і ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак)", паведамляе "Новая газета" са сслыкай на сваю крыніцу.

 У СІЗА КДБ дзяўчыну наведалі прадстаўнікі расійскай амбасады. Па іх словах, яна "ніякіх скаргаў на некарэктнае абыходжанне... не выказвала".

Сафію Сапегу і Рамана Пратасевіча знялі з борта самалёта Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Беларускія дыспетчары паведамілі пілотам пра міну на борце і змусілі да пасадкі ў Мінску. Гэты інцыдэнт выклікаў абурэнне ў краінах ЕС. Еўрапейскім перавозчыкам было рэкамендавана пазбягаць палётаў у паветранай прасторы Беларусі. 

Еўрапейскія і амерыканскія чыноўнікі патрабуюць ад беларускіх уладаў вызваліць Прастасевіча і Сапегу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.