Герой мема пра памідоры і смятану: Ні народу, ні ўладам сітуацыя не падабаецца

Герой мема пра памідоры і смятану: Ні народу, ні ўладам сітуацыя не падабаецца

Анатоль Шалковіч — герой мема пра памідоды са смятанай — мяркуе, што ні ўладам, ні беларусам не падабаецца сітуацыя, у якой цяпер апынулася краіна. Пра гэта ён распавёў газеце "Новы час".

— Я думаю, што фінансава ў бліжэйшы час мы станем жыць горш. Але ўсё залежыць ад таго, наколькі людзям падабаецца гэтая сітуацыя. Я думаю, што ні народу, ні ўладам не падабаецца, бо калі б падабалася, яны б так не рэагавалі. А калі нікому не падабаецца, значыць, нешта зменіцца. Калі мне ў камеры казалі, маўляў, гэта назаўжды, я адказваў: узгадайце Хаджу Насрэдзіна, які ўзяўся за 20 гадоў навучыць асла размаўляць на нармальнай мове і ўзяў за гэта грошы з падзішаха. Ён казаў, што за 20 гадоў альбо памрэ асёл, альбо падзішах, альбо ён сам — але нешта зменіцца. Так і ў нас — кожны дзень нешта мяняецца.  

Шалковіч правёў 60 сутак на Акрэсціна, патрапіўшы туды ў Дзень свайго 65-годдзя. Па версіі МУС, мужчына "арганізаваў у сутарэнні дома вытворчасць пратэстнай сімволікі". А потым бел-чырвона-белыя сцягі ўласнай вытворчасці "закідваў на дрэвы".

Падчас адсідкі на Акрэсціна Шалковіч не ведаў, калі яго выпусцяць. Самае цяжкае ў гэтых сценах — невядомасць, кажа Анантоль.

— Людзі сядзяць і думаюць: адпусцяць ці яшчэ 15 сутак дадуць? У лістападзе, калі мяне пасадзілі, у нас сярэдняя велічыня была 60 сутак. Потым у снежні людзей сталі адпускаць пасля трох тэрмінаў, пасля двух, нават пасля 15 сутак. Гэта ўсяляла надзею. Але мне як паабяцалі чатыры тэрміны, так і зрабілі — усё сумленна. Хаця кожны раз перад заканчэннем тэрміну я думаў, можа, пра мяне забыліся і адпусцяць?

Па словах Шалковіча, у нейкі момант да яго ў камеру прыйшоў чалавек з пратаколамі, які сказаў, што Анатоль Міхайлавіч нарабіў справаў на чатыры тэрміны па 15 сутак. Так і атрымалася.

Шалковіч кажа, што ў камеры стараўся захоўваць добры настрой, падтрымліваў іншых вязняў і справабаў ствараць "нармальнае жыццё". Каб жыццё было нармальным, на Акрэсціна лепш трапляць падрыхтаваным: у трох майтках, у трох парах шкарпэтак і ў дзвюх байках, пажадана з капюшонам. Сам ён прыехаў за краты ў іншым выглядзе.

— Я, як дурань, надзеў самую лепшую байку, цяпер трэба новую шукаць, — смяецца Анатоль Міхайлавіч.

Анатоль Шалковіч праславіўся сваім "пакаянным" відэа, у якім распавёў, чаму любіць белы і чырвоны колеры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі