"Газета Слонімская" знайшла памяшканне для прыёму падпіскі і рэкламы

Незалежная "Газета Слонімская" працягвае свой выхад, нягледзячы на праблемы, якія ёй чыняць мясцовыя ўлады. Нагадаем, газета сёлета была пазбаўленая рэдакцыйнага памяшкання ў цэнтры горада, якое арэндавала. Цяпер журналістам даводзіцца працаваць у сябе на кватэрах.  Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё пра сённяшнюю сітуацыю галоўны рэдактар і выдавец "Газеты Слонімскай" Віктар Валадашчук:

"Як і раней мы выдаем газету, па-ранейшаму мы друкуемся ў Мінску. І ў кожную сераду чытач атрымлівае "Газету Слонімскую". Праблема ў тым, што мы пакуль не маем офіса пад рэдакцыю газеты".


Аднак, паводле словаў Валадашчука, ёсць і добрая вестка. Нарэшце, "Газета Слонімская" знайшла памяшканне для прыёму падпіскі і рэкламы. Для гэтага рэдакцыя набыла невялікі павільён на "Косаўскім" рынку ў Слоніме.

Што да рэдакцыйнага памяшкання, дык на тыя варыянты, якія з'яўляюцца, рэдакцыя не можа пагадзіцца з-за іх дарагавізны, кажа Валадашчук. Зручныя ж памяшканні і ў плане месцазнаходжання, і цаны недзяржаўнаму выданню арэндаваць не дазваляюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі