Гайдукевіч і Улаховіч за Марын Ле Пэн, БНФ — на баку Макрона

Гайдукевіч і Улаховіч за Марын Ле Пэн, БНФ — на баку Макрона

У нядзелю, 7 траўня, у Францыі пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. На вышэйшую пасаду ў Пятай рэспубліцы прэтэндуюць прагрэсіст і цэнтрыст, лідар руху “Наперад!” Эмануэль Макрон і кансерватар ды еўраскептык, лідар Нацыянальнага фронта Марын Ле Пэн. У першым туры Макрон мае 24,01% галасоў выбаршчыкаў, а Ле Пэн — 21,3%.

 

З чым ідуць да французскіх выбаршчыкаў кандыдаты ў прэзідэнты

 

Марын Ле Пэн называюць праварадыкальным палітыкам. Карэнныя пераўтварэнні, якія прапануе Марын Ле Пэн, тычацца ў першую чаргу ўзаемаадносін з НАТА і Еўрасаюзам. Кандыдат лічыць, што Францыя павінна пакінуць гэтыя аб'яднання. У цэнтры праграмы — правядзенне рэферэндуму аб выхадзе Пятай рэспублікі з Еўрасаюза і еўразоны, а таксама вяртанне нацыянальнай валюты. Яе эканамічныя ініцыятывы — гэта дзяржаўны пратэкцыянізм, падтрымка нацыянальнай вытворчасці, нацыяналізацыя стратэгічна важных сектараў вытворчасці, захаванне 35-гадзіннага працоўнага тыдня, зніжэнне пенсійнага ўзросту з 62 да 60 гадоў, а таксама змякчэнне падатковай нагрузкі на бізнес.

Гайдукевіч і Улаховіч за Марын Ле Пэн, БНФ — на баку Макрона
Марын Ле Пэн, фота newsader.com

Эмануэль Макрон зарэкамендаваў сябе як паслядоўны прыхільнік еўраінтэграцыі. Але цяпер ён пагражае Еўрасаюзу фрэкзітам. Гэта адбудзецца, калі ўнутры саюза не будуць праведзеныя рэформы, заявіў палітык. Макрон, як і Ле Пэн, не плануе пераглядаць базавую працягласць працоўнага тыдня, але прапануе дазволіць асобным прадпрыемствам пераглядаць гэтую норму. Пенсійны ўзрост ён збіраецца захаваць на цяперашнім узроўні — 62 гады, але пры гэтым плануе “гарманізаваць сістэму пенсійных і сацыяльных выплат”. У першую чаргу, гаворка ідзе пра дапамогу па беспрацоўі — Макрон зробіць больш жорсткімі правілы выплаты такіх дапамог, каб стымуляваць рост занятасці.

 

 

Гайдукевіч і Улаховіч за Марын Ле Пэн, БНФ — на баку Макрона
Эмануэль Макрон, politolog.net

Калі Эмануэля Макрона падазраюць у сувязях з фінансавым кланам Ротшыльдаў, то Марын Ле Пэн — у сувязях з Крамлём. Калі ў падтрымку Макрона ўжо выказалася пераважная большасць палітычнай эліты Францыі, то Ле Пэн атрымала падтрымку толькі партыі “Падымайся, Францыя!” Нікаля Дзюпон-Эньяна, якому паабяцаная пасада прэм’ер-міністра ў выпадку перамогі Ле Пэн.

 

На чыім баку сімпатыі лідараў палітычных партый Беларусі

 

Першы намеснік лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч не толькі выказваецца на карысць Ле Пэн, але і прызнаецца, што паедзе ў дзень выбараў у Парыж — будзе “балець” на месцы за “свайго” кандыдата. Адносіны ЛДП з Нацыянальным фронтам цягнуцца з 1999 года, калі Сяргей Гайдукевіч пасябраваў з Ле Пэнам-старэйшым.

“Мы лічым, што ў Беларусі трэба гэтак жа жорстка адстойваць нам, палітыкам, нашы беларускія інтарэсы, свой суверэнітэт і незалежнасць, як Марын Ле Пэн адстойвае французскія інтарэсы. І калі кажуць, што яна прарасійскі палітык, паверце мне — гэта будзе як з Трампам. Яна будзе дзейнічаць толькі ў інтарэсах Францыі і французскага народа. І яе здаровы нацыяналізм нас не палохавае — мне падабаецца здаровы нацыяналізм, яго вельмі не хапае і ў Еўропе, і ў Беларусі. Што да французска-беларускіх адносінаў, то развіваць іх будзе і Макрон, калі прыйдзе да ўлады, але Ле Пэн, на мой погляд, больш будзе надаваць увагі развіццю адносінаў з нашай краінай”.

Гэтак жа, як і ў Ле Пэн, на “здаровым нацыяналізме” будуецца ідэялогія Партыі Беларускі Народны Фронт. Але яе лідар Аляксей Янукевіч сімпатый да Ле Пэн не мае.

“Відавочная прапуцінская пазіцыя Ле Пэн робіць яе для нас непажаданым пераможцам і непажаданым гульцом на еўрапейскай арэне. Ёсць усе падставы меркаваць, што ў выніку яе перамогі міжнародная палітыка будзе пракрамлёўская, прапуцінская, і гэта было б вельмі кепска ў першую чаргу для Беларусі”, — кажа Аляксей Янукевіч.

А вось праўладныя “патрыёты” з Беларускай патрыятычнай партыі больш схільныя да падтрымкі Ле Пэн. Што праўда, з пэўнымі ўдакладненнямі, кажа лідар беларускіх “патрётаў” Мікалай Улаховіч.

“Не, калі ў яе здаровы нацыяналізм, то я за яе. Але калі ў яе нацыяналізм, які схільны да фашызма якога-небудзь альбо да агрэсіі, то ўжо наеліся мы і фашызма, і агрэсіі. Проста, калі пра Макрона… Я супраць Ротшыльда, што ж тут зробіш!”

А як жа факт нібыта “прарасійскасці” Ле Пэн? І тут дэпутат беларускага парламента робіць памылку амаль, як кажуць, па-Фрэйдзе.

Мікалай Улаховіч: “Я вельмі сумняваюся, што Ле Пэн — стаўленік Крамля. Калі нават нешта і адбылося, калі яе атачэнне мае нейкія адносіны да Крамля, то… Ну, вы ж ведаеце, як гэта бывае — такое і ў Трампа было. Не, Крэмль, вядома, у выбарах Трампа ролю адыграў. Чаму цяпер і незадаволены наш Крэмль — бо ён не апраўдаў усіх нашых надзей… Бачыце, я нават сказаў “нашых…”

Лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін кажа, што калі падчас перашага тура французскіх выбараў яны падтрымлівалі “кандыдата левых сіл”, то цяпер, у другім туры, нашы левыя фаварытаў не маюць. Хаця б таму, што ні адна, ні другая палітычная сіла не з’яляюцца партнёрам “Справядлівага свету”.

Калякін: “З пункту гледжання ўзаемаадносінаў з Беларуссю не важна, хто з іх выйграе на выбарах. З пункту гледжання ўзаемаадносінаў унутры Еўрасаюза — гэта нас не вельмі тычыцца. А вось з пункту гледжання міжнароднай бяспекі, я лічу, што Макрон з'яўля’цца больш прымальным кандыдатам. Хоць ён і кандыдат ад правых сіл”.

Гэтак жа не маюць свайго фаварыта на французскіх выбарах і праўлядныя камуністы з Камуністычнай партыі Беларусі. Нават тое, што Ле Пэн называюць прарасійскім палітыкам, не дадае ёй сімпатый беларускіх “артадаксальных камуністаў-ленінцаў”, прызнаецца сакратар ЦК КПБ па ідэалагічнай працы, экс-дэпутат парламента Валянціна Леаненка.

“Калі казаць пра Макрона, то гэта стаўленік сусветнай закулісы ці, як цяпер кажуць, масонскіх арганізацый, які хоча прывязаць Францыю да ЗША і тых накірункаў, якія ўжо дзейнічаюць. Што да Ле Пэн, то тут, канешне, з мухі раздзьмулі слана: яна не нацыяналіст. Сёння, на жаль, любая спроба абараніць інтарэсы сваёй нацыі ўспрымаецца як нацыяналізм. Але ў любым выпадку — яна не наш кандыдат”.

Валянціна Леаненка не верыць, што Ле Пэн танчыць да дудку Крамля, але ўпэўненая, што яе прыход да ўлады можа нарадзіць розныя негатыўныя хваляванні, якія, верагодна, дакоцяцца і да Беларусі. А можа, кажа, і не дакоцяцца.

Фота Змітра Лукашука, укроп.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі