Гатовыя шпаргалкі для іспытаў студэнты скупляюць сотнямі

У сталічных кнігарнях сёння можна знайсці шпаргалку амаль для кожнага прадмета. Аўтары абяцаюць студэнту хуткую дапамогу, каб быць гатовым да любога іспыта.
"Шпаргалкі ўсе расійскія. Беларускія шпаргалкі не выдаюць. Ёсць практычна па ўсіх прадметах", — распавялі Еўрарадыё ў Цэнтральнай кнігарні.
Грамадзянскі працэс, правазнаўства, гісторыя грамадзянскага права, культуралогія, гісторыя, мастацтвазнаўства, крыміналогія, судовая медыцына, крымінальнае права — гэта далёка не поўны спіс асартыменту.
Купляюць такіх шпаргалак шмат. Асноўны збыт ідзе перад сесіяй. Студэнты скупляюць іх сотнямі па розных прадметах. А вось выкладчыкам гэта зусім не падабаецца.
"Выкладчыкі лаюцца. Ім не падабацца, што мы прадаём шпаргалкі. Вядома ж, ім хацелася, каб студэнт купіў падручнік і прачытаў яго. Нам бы таксама хацелася, каб яны куплялі падручнікі. Але шпаргалкі купляюць лепш, вядома", — кажуць у кнігарні.
Набываюць шпаргалкі не толькі студэнты, але і самі выкладчыкі. Так яны звяраюць тэкст студэнта на іспыце з тэкстам шпаргалкі.
Выкладчыца філасофіі Таццяна кажа, што шпаргалкі трэба рабіць самому, а вось купленыя ў краме — нізкай якасці.
"Такія шпаргалкі досыць нізкай якасці. Чаму я ведаю, таму што мой пляменнік студэнт, і ён карыстаецца такімі шпаргалкамі. Гэта нехта напісаў для сябе і часта ў інтэрнэце нават можна знайсці. Я лічу, што шпаргалку трэба рабіць самому. Хуткая дапамога кагосьці гэта не твая ўласная праца, не твае ўласныя веды. Гэта бачна потым на заліку".
Самі ж студэнты часта давяраюць друкаваным "шпорам" і нават здаюць іспыты на "выдатна".
"Мая аднагрупніца па друкаванай шпаргалцы здала гісторыю Расіі на 9 балаў. Вядома, свае веды патрэбныя. Без іх ніводная "шпора" не выратуе. Але ў шпаргалцы ёсць асноўныя факты, абапіраючыся на якія можна распавядаць сваімі словамі".
Беларускія выдавецтвы такіх шпаргалак не друкуюць. Выдавала нешта падобнае толькі мінскае "Папуры". Але гэта былі білеты па гісторыі Беларусі для 9 класа.
Пазіцыя беларускіх выдавецтваў прынцыповая: "Мы супраць шпаргалак", — кажа Ганна Латушкіна, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва "Аверсэв".
"Мы шпаргалкамі не займаемся. Пазіцыя нашага выдавецтва, што мы супраць шпаргалак. Мы мяркуем, што гэта разбурае сістэму адукацыі, таму што ўсё пабудавана на спісванні. Мы ж выпускаем дапаможнікі, для падрыхтоўкі да іспыту".
Беларускія выдавецтвы друкуюць гатовыя хатнія заданні для школьнікаў. Адтуль можна спісаць заданне, напрыклад, па матэматыцы. Самае цікавае, што многія да гэтага таксама ставяцца негатыўна, але кожны школьнік можа купіць іх у кожнай краме.
"Гэтая тэма таксама настаўнікам не падабаецца, аўтарам падручнікаў не падабаецца. Але ў той час дагэтуль існуе. Ёсць і негатыўныя моманты, ёсць і станоўчыя — дзецям гэта падабаецца".
А многія бацькі, якія ўжо забыліся на школьны курс, купляюць "рашебнікі", каб правяраць хатняе заданне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі