Ганчарэнка: нам дасталася адна з самых сур’ёзных груп, але будзе цікава

Сапернікамі барысаўскага БАТЭ ў футбольнай Лізе Еўропы будуць партугальская "Бенфіка", англійскі "Эвертон" і АЕК з Грэцыі. Трэнер барысаўчан Віктар Ганчарэнка адзначыў у размове з Еўрарадыё, што беларусам дасталася адна з самых моцных груп. Але разам з тым, вынікі лёсавання яго не засмуцілі: БАТЭ зможа “пашырыць геаграфію” і згуляць з тымі краінамі, з якімі раней не гуляў. Віктар Ганчарэнка: “Пакуль казаць пра некаторыя шанцы або ацэньваць узровень саперніка не даводзіцца, таму што пра іх мы дакладна не ведаем. Але можна сказаць, што партугальскі і грэчаскі клубы — тэхнічныя каманды, якія любяць і ўмеюць кантраляваць мяч. А англійскі футбол не мае патрэбы ў прадстаўленні”.

Групавы турнір стартуе 17 верасня і працягнецца да 17 снежня. Па яго выніках па дзве лепшыя каманды з кожнай групы выйдуць у 1/16 фіналу, дзе да іх далучацца 8 каманд, якія зоймуць 3-я месцы на групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Матчы плэй-оф Лігі Еўропы пачнуцца ў лютым.

“Нам выпала гуляць у адной з самых моцных груп, але будзе цікава. Груз адказнасці, які ціснуў на нас у кваліфікацыі раўндаў плэй-оф, спадзе, таму згуляем!”, — аптымістычна адзначыў Віктар Ганчарэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі