Вы тут

Галоўрэд "БелГазеты": міністр зрабіў некалькі заўваг па публікацыях

Нумар "БелГазеты", які не спадабаўся Міністэрству інармацыі

Увечары 2 сакавіка галоўны рэдактар "БелГ​азеты" Кірыл Жываловіч асабіста сустрэўся з міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. Сустрэча адбылася з ініцыятывы чыноўніка, піша tut.by.

Як распавядала Еўрарадыё, ведамства фактычна забараніла "Белсаюздруку" распаўсюджваць апошні выпуск "БелГазеты". Карлюкевіч абвінаваціў выданне ў "пошласці і хамстве". 

Вялікая частка матэрыялаў у нумары прысвячалася паездцы Аляксандра Лукашэнкі на Шклоўшчыну, дзе ён раскрытыкаваў "абас...ных кароваў". 

Каментуючы свой візіт да міністра, Жываловіч патлумачыў: "Было некалькі заўваг па публікацыях з гэтага нумара. Супаставілі мае ўяўленні пра тое, у якім выглядзе можа існаваць журналістыка, а я пачуў ад міністра, як вопытнага журналіста, — яго ацэнкі".

Ён пацвердзіў, што гаворка ішла пра матэрыялы, якія датычылі сітуацыі на ферме, але ў дэталі ўдавацца не стаў. "Напэўна, калі і будзе нейкая юрыдычная ацэнка, то яна будзе дадзеная пазней. Не хацелася б забягаць наперад і казаць, што гэта пагражае нейкімі наступствамі для газеты", — выказаў надзею галоўрэд.

Жываловіч дадаў, што продаж "БелГазеты" абмежаваны толькі ў "Белсаюздруку", але ў іншых месцах рэалізацыі нумар даступны. Наклад надрукаваны, газету адправілі і падпісчыкам.