Галоўчанка: Беларусь можа спыніць пастаўкі драўніны і палімераў у Літву

Галоўчанка: Беларусь можа спыніць пастаўкі драўніны і палімераў у Літву

Беларусь рыхтуе адказ на той выпадак, калі Літва спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Пра адпаведную заяву прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі паведаміла прэс-сакратар Саўміна Аляксандра Ісаева.

Галоўчанка прыгразіў, што асноўная шкода ад такіх санкцыяў, як спыненне транзіту, прыпадзе на долю самой Літвы. 

Ён прыгадаў, як Літва адмовілася ад куплі беларускай электраэнергіі пасля пабудовы АЭС каля Астраўца. "Вось такую ж шкоду краіна нанесла сабе палітычнай адмовай ад куплі беларускай электраэнергіі, якая абышлася б Літве як мінімум у два разы танней за той узровень, па якім яны купляюць цяпер на аптовым рынку", — заявіў кіраўнік беларускага ўрада.

Чыноўнік паведаміў, што беларускі экспарт у Літву складае каля 1 мільярда долараў. Гэта пераважна сыравіна і матэрыялы, якія літоўскія кампаніі набываюць для далейшай перапрацоўкі. "Гэта датычыць прадукцыі дрэваапрацоўкі, палімераў і гэтак далей. Калі мы спынім пастаўкі гэтых тавараў, пераарыентуем іх на іншыя рынкі, хай літоўскі бізнес спытае ў свайго ўрада, як ён будзе вырашаць іх праблемы", — прыгразіў Галоўчанка.

Пасля таго, як на пачатку снежня "Беларуськалій" трапіў пад санкцыі ЗША, у Літве не сціхаюць спрэчкі вакол транзіту беларускіх каліёных угнаенняў. Літоўскі бок шукае магчымасці скасаваць дамовы з "Беларуськаліем". Урадавая камісія Літвы ўжо ацаніла гэтую дамову як пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі