Галівудскія прэм’еры не трапілі ў Беларусь з-за… коскі

Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, чаму мінскія гледачы не дачакаліся дзвюх гучных фільмаў: "Джоні Д" і "Бясслаўныя вырадкі". За жнівень беларускія кінааматары прапускаюць запар ужо другую прэм’еру “вышэйшага гатунку”. Пасля гангстэрскага “Джоні Д” рэжысёра Майкла Мана ў кінапіратаў давядзецца шукаць і “Бясслаўных вырадкаў” ад легендарнага Квенціна Таранціны. Гэты фільм у Мінску планавалі паказаць 20 жніўня, але прэм’еры не абылося.

У мінскім “Кінавідэапракаце” зрывы тлумачаць тэхнічнымі праблемамі. Дырэктар прадпрыемства Васіль Коктыш вінаваціць сваіх маскоўскіх і лонданскіх калег. Адныя ў адпачынку, другія чапляюцца да сінтаксічных памылак.

Васіль Коктыш: “Мы працуем з Масквой – дык вось Масква з Лонданам не могуць разабрацца па Беларусі – у трох соснах заблыталіся! Яны не могуць нашы інтарэсы адстаяць перад лонданскім офісам. Справа ў косцы: не там коску паставілі! І вось аніяк не можам паставіць яе на месца. Дакладней, яна стаяла на месцы, але вось пастанавілі перанесці. А перанеслі – тэкст зусім інакш чытаецца. Коску на месца паставяць, тыя, хто яе перанёс, – і ўсё будзе нармальна”.

Абысці маскоўскіх пасярэднікаў і працаваць непасрэдна з офісам кінакампаніі ў Лондане, Васіль Коктыш лічыць немэтазгодным.

Васіль Коктыш: “Гэта вельмі дарагое задавальненне. Навошта нам ездзіць у Лондан штораз, калі рынак пад бокам – у Маскве, які працуе на постсавецкую прастору? На адну маленькую Беларусь, калі нам купляць наўпрост, то, даражэнькія мае, аніякіх грошай не хопіць! І мы будзем не 300 прэм’ер у год выпускаць, а прыкладна 60”.

У Мінску спадзяюцца, што паставіць коску ў патрэбным месцы ўсё-ткі атрымаецца. Праўда, пакуль расійскія партнёры ў адпачынку, і Васіль Коктыш не можа да іх датэлефанавацца.

Тым не менш, дырэктар “Кінавідэапракату” запэўнівае, што паказ “Бясслаўных вырадкаў” неўзабаве адбудзецца ў межах праекту “Каннаманія”.

Не пабачыўшы жнівеньскія прэм’еры, сталічны кінааглядальнік Макс Жбанкоў заўважае, што праблема ўсё ж такі шырэйшая за коскі.

Макс Жбанкоў: “Гэтыя тэхнічныя праблемы – яны, хутчэй за ўсё, спалучаныя з пэўнымі фінансавымі пытаннямі. Рынак расійскі непараўнальны з мінскім, ці беларускім. То бок мы ім не надта цікавыя, прынамсі ў фінансавым плане”.

Але і матэрыяльны чыннік – не апошні ў доўгай дарозе сусветных кінапрэм’ер да беларускага гледача. Макс Жбанкоў згадвае камісію, створаную адразу пасля паказу расійскай камедыі “Гітлер капут”, мэтай дзейнасці якой з’яўляецца кантроль за грамадскай рэакцыяй на той ці іншы фільм.

Макс Жбанкоў: “Спроба такога вось парадыйнага падыходу да вельмі шанаванай тэмы ІІ Сусветнай вайны – вось ён выклікаў пэўны непакой і жаданне ў нечым там разабрацца і нешта там пракантраляваць.Я не выключаю, што ў дадзеным выпадку апошняга фільму Таранціны мы маем тую самую сітуацыю. То бок, з аднаго боку, натуральна, граюць фінансы. З іншага, боку, мае пэўную вагу спалучэнне або неспалучэнне нават вельмі касавай стужкі з нейкай магістральнай дзяржаўнай ідэалогіяй”.

Цікава, што фільм “Бясслаўныя вырадкі” таксама расказвае пра падзеі Другой сусветнай ва ўласцівай Таранціну манеры. Дзеянні адбываюцца на тэрыторыі Францыі. Атрад яўрэйскіх салдат, які называе сябе “Вырадкі” помсціць фашыстам.

Пакуль “Бясслаўныя вырадкі” чакаюць развязанне свайго лёсу ў Беларусі, айчынны кінапракат складае спіс наступных прэм’ер ажно на снежань.

Да прыкладу, напрыканцы года сталічных гледачоў збіраюцца пацешыць прэм’ерай новага фантастычнага баевіка “Аватар” рэжысёра Джэймса Кэмерана. Вядома ж, калі ўсе “коскі” будуць на сваіх месцах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі