Гадзіннік за 52 тысячы долараў і Bentley за 250 тысяч еўра!

Салон Bentley у Мінску адкрыўся толькі месяц таму, а ўжо мае двух пакупнікоў. Апошні аўтамабіль вядомай брытанскай маркі набылі ў кастрычніку. Уладальніка элітнай машыны ў салоне не раскрываюць. Адно намякаюць, што працуюць толькі на беларускі рынак.

“Яшчэ адно аўто прадалі. Вельмі прыгожага адцення, вельмі адмыслова падабраныя колеры. Машына выглядае вельмі эксклюзіўна — гэта будзе першы аўтамабіль ў Мінску. Такі светлы аўтамабіль, колеру белы пясок”.

Набытае аўто каштуе 250 тысяч еўра і недзе рассякае па сталіцы. З машынай за чвэрць мільёна еўра, у кватэры ў доме, які пабудаваў Чыж, — чаму дрэнна жыць у Беларусі?

У аўтасалоне Porsche, якіх у Мінску ажно два, статыстыку продажу аўтамабіляў не прыводзяць, але намякаюць: калі салон існуе не адзін год — машыны купляюць.

А вось ў фірмовай краме Hugo Boss, што на праспекце Незалежнасці, кажуць, што пакупнікоў шмат, і прыгадваюць віп-кліентаў.

“Баскаў быў, у гатэлі насупраць калі жыў, Панін — акцёр таксама купляў. З беларусаў Герман і Ганна Шаркунова, але яны бралі вопратку на фотасесію, футбалісты з БАТЭ закупляліся, хакеісты з “Дынама”. Вядомыя людзі што купляюць? Стандартны набор — джэмпер ды штаны”.

Завітваем у Armani, што ў раёне Нямігі. Паркоўка для наведвальнікаў крамы пустая, як і сама крама. Да мяне тут жа падыходзяць адразу дзве кансультанткі з дзяжурнымі пытаннямі: “Чым цікавіцеся?”.

Нагледзеўшы, што адна сукенка з блакітнага трыкатажу каштуе каля 7 мільёнаў, што на 2 мільёны болей за сярэдні заробак беларуса за верасень, сыходжу.

Дзяўчаты па-добраму раяць мне завітаць яшчэ і ў Max Mara, Zara і прыходзіць да іх часцей.

Накіроўваюся ў краму італьянскай вопраткі Gal’s. Наведвальнікаў не так і многа. Дакладней, адна я. Іду мераць сукенкі за 7 і 9,5 мільёна. Фоткаюся. Сукенка патанней мне падабаецца болей, даражэйшую бракуюць рэдакцыйныя дзяўчаты. Асноўная прэтэнзія — да складу: віскоза (52%), воўна (36%), паліэстар (10%) і эластан (2%).

Кансультантка Наталля пералічвае беларускіх спявачак ды вядучых, якія апранаюцца ў гэтай жа краме.

“Дарафеева да нас заходзіць, Люся Лушчык, Галіна Шышкова”.

Еўрарадыё: А вы самі сабе можаце дазволіць сукенку за 9,5 мільёна?

Прадаўшчыца Наталля: "А чаму б і не? У нас жа ёсць мужы, якія часам могуць зрабіць нам прыемнае! Адкрыю вам сакрэт: у нашых людзей ёсць грошы купляць такія сукенкі!".

У яшчэ адной элітнай краме прапаноўваюць гадзіннікі на самы дарагі густ. Напрыклад, Ulysse Nardin за 52 тысячы долараў — гэта самая дарагая прапанова ў краме.

“484 мільёны, фірмы Ulysse Nardin”, — кажуць у краме.

Гадзіннікі гэтай маркі носяць бізнесмен Юрый Чыж (яго гадзіннік каштуе каля 400 тысяч долараў) і памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка — у яго New Ulysse Nardin Dual Time коштам ад 4700 да 6800 долараў.

У краме не называюць, колькі пакупнікоў за месяц да іх прыходзіць, але запэўніваюць, што кліентаў шмат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі