Вы тут

Францыя навучыць беларусаў будаваць бяспечныя магільнікі ядзерных адкідаў

Дэлегацыя Сената Францыі наведала Беларусь 16 красавіка / sovrep.by

Францыя дапаможа Беларусі пабудаваць бяспечныя сховішчы для ядзерных адкідаў. Праўда, дапамога гэта будзе ў выглядзе абмену вопытам, кансультацый спецыялістаў у галіне ядзернай бяспекі і, магчыма, прадстаўлення тэхналогій. Пра гэта дамовіліся старшыня Савета Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясніковіч і намеснік старшыні камісіі Сената Францыі па фінансам Шарль Генэ.

“Абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў ядзернай энергетыцы. Найперш ішла гаворка пра ядзерныя адкіды — іх утылізацыю і захоўванне. Шарль Генэ, кіраўнік французскай дэлегацыі, што да нас прыязджала, расказаў пра вопыт Францыі ў гэтай сферы і сказаў, што яны гатовыя гэтым вопытам падзяліцца. Размова ішла пра абмен спецыялістамі, арганізацыю стажыровак, абмен нейкімі тэхналогіямі. Усё гэта будзе дэтальна ў бліжэйшы час прапрацоўвацца”, — распавяла Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Савета Рэспублікі Вольга Казловіч.

Па яе словах, па выніку гэтых перамоў ніякіх дакументаў не падпісвалася, дамоўленасці былі на словах. Але, кажа Вольга Казловіч, чакаецца, што ўжо ў найбліжэйшы час перамовы на тэму ядзернай бяспекі будуць працягнутыя паміж адпаведнымі профільнымі арганізацыямі Беларусі і Францыі.

Дэлегацыя Сената Францыі на чале з кіраўніком сенатарскай групы сяброўства “Францыя – Беларусь” Шарлем Генэ наведала нашу краіну 16 красавіка.