Фолк-фэст "Камяніца" запрашае да ўдзелу музыкаў і мастакоў

Фолк-фэст "Камяніца" пройдзе 5 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам. Арганізатары вырашылі яшчэ больш пашырыць фармат фестывалю і прапануюць усім жадаючым узяць удзел у свяце.

"У мінулым годзе ў нас было каля 50 кропак народных промыслаў і забаў, у гэтым годзе мы гатовыя без усялякай аплаты прапанаваць яшчэ больш месца", — распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.

Да ўдзелу ў кірмашы запрашаюцца ўсе, хто працуе ў рэчышчы беларускай нацыянальнай культуры: аматарскія і студэнцкія музычныя калектывы (другая сцэна), прадстаўнікі народных промыслаў (ганчары, пляценне, тэкстыль), візуальнага мастацтва (фатографы, дызайнеры, мастакі), культурных ініцыятыў (вывучэнне мовы, песень, традыцыйных гульняў). Заяўкі трэба дасылаць да 25 жніўня на адрас [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Фолк-фестываль "Камяніца" быў заснаваны ў 2009 годзе і з таго часу нязменна праходзіць на тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Імпрэза збірае разам лепшых беларускіх фолк-артыстаў і замежных гасцей. Выстопаўцамі фэсту ў розныя гады былі Алег Скрыпка (Украіна), "ДахаБраха" (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Караліна Ціха і Бартэк Палыга (Польшча), "Иван Купала" (Расія), Ahmed Má Hlad (Чэхія) і шэраг іншых выканаўцаў. Музычная праграма гэтага года будзе абвешчаная неўзабаве.

Паводле прэс-рэлізу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі