Фолк-фэст "Камяніца-2015" аб'явіў лайн-ап

Фолк-фестываль "Камяніца", які адбудзецца 5 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы пад Мінскам, абвясціў лайн-ап. Аснову музычнай праграмы складуць беларускія гурты "Стары Ольса", "Альтанка", "Ягорава гара", Vuraj і Znich, упершыню ў Беларусі выступяць палякі Dzikie Jablka, эстонскі гурт Trad Attack! і "Дримба Да Дзига" з Украіны. Іх канцэрты адбудуцца на галоўнай сцэне. На малой сцэне сыграюць студэнтскія і аматарскія калектывы.


"Фестываль захоўвае дэмакратычнасць, але пры гэтым яго праграма робіцца ўсё больш эксклюзіўнай. На адной сцэне сустракаюцца розныя краіны і традыцыі, розныя гучанні і падыходы да народнага матэрыялу. Гэта асалода для ўсіх — і гледачоў, і саміх музыкаў", — лічыць Алег Хаменка, удзельнік аргкамітэта фестывалю.


Апроч музычнай часткі, на фэсце чакаецца таксама разнастайная праграма ў межах кірмашу нацыянальнай культуры з народнымі рамёствамі, танцамі, гульнямі і выставамі. Усе, хто жадае ўзяць удзел у кірмашы нацыянальнай культуры і выступіць на малой сцэне "Камяніцы-2015", могуць даслаць заяўкі да 25 жніўня ўключна на адрас [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.


Квіткі на фестываль ужо можна набыць праз сайт і касы аператара ByCard. Кошт дарослага квітка — 100 тыс. руб., школьнікі да 12 гадоў заплацяць 50 тыс. руб. Дашкольнікі а таксама наведвальнікі ў поўным варыянце нацыянальнага строю (ад галаўнога ўбора да абутку) праходзяць бясплатна. Час правядзення фестывалю — з 12.00 да 22.00.

Інфалінія: (044) 517 08 12.

Паводле прэс-рэлізу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі