Фільм пра Майкла Джэксана зарабіў 101 мільён долараў

Дакументальны фільм-канцэрт "Майкл Джэксан: Вось і ўсё" ("Michael Jackson: This Is It") за пяць дзён сусветнага пракату сабраў каля 101 мільёна долараў, — паведамляе Associated Press. Карціна, якая выйшла на экраны 28-га кастрычніка 2009 года, зарабіла ў ЗША 32,5 мільёны долараў і 68,5 мільёнаў долараў у іншых краінах. Фільм стаў самым папулярным за мінулыя выходныя ў паўночнаамерыканскім пракаце.

Поспех карціны прымусіў кампанію Sony змяніць тэрміны яе пракату — раней планавалася, што "Вось і ўсё" будуць паказваць толькі два тыдні. Як паведамляецца, рашэнне пра падаўжэнне пракату будзе прымацца ў залежнасці ад папулярнасці фільма ў той ці іншай краіне.

Нагадаем, фільм "Вось і ўсё" змантаваны са 100-гадзіннага відэаматэрыялу, знятага падчас падрыхтоўкі канцэртнай праграмы Джэксана з аналагічнай назвай. Карціна змяшчае фрагменты рэпетыцый, якія адбываліся за некалькі дзён да смерці спевака, які памёр у Лос-Анджэлесе 25 чэрвеня 2009 года.

Тым часам, на другое месца па зборах за мінулы ўікэнд у Паўночнай Амерыцы апусціўся лідэр мінулага тыдня, нізкабюджэтны фільм жахаў "Паранармальная актыўнасць". На трэцім месцы — трылер "Законапаслухмяны грамадзянін".

Фота: www.mk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі