Федэрацыя баскетбола не знайшла трэнера для зборнай, пакуль няма і гульцоў

1 сакавіка заканчваецца тэрмін конкурса, абвешчанага Беларускай федэрацыяй баскетбола, якая шукае новага галоўнага трэнера мужчынскай зборнай. Як даведалася Еўрарадыё, на ўчорашнім паседжанні выканкама федэрацыі гэтае пытанне нават не абмяркоўвалася. Вось што гаворыць выканаўчы дырэктар БФБ Леанід Мінько:

"Няма кандыдатур сапраўдных... Ніхто свае матэрыялы афіцыйна не прадаставіў. Так, размовы былі, тэлефанаванні былі, але канкрэтную праграму сваю, якую мы просім чалавека нам паказаць, такога не было. Заўтра, 1 сакавіка, заканчваецца тэрмін конкурса. Ніхто не хоча брацца за гэтую працу".

Нагадаем, заробак для галоўнага трэнера прадугледжаны ў памеры 400 тысяч рублёў. Нават для замежнікаў. А менавіта яны - літовец, аўстрыец і італьянец - зацікавіліся беларускай зборнай. Беларускія спецыялісты, якіх і так вельмі мала, альбо адмаўляюцца, альбо адмоўчваюцца.

Выканкам федэрацыі вырашыў вярнуцца да разгляду пытання ў сакавіку.
Аднак Леанід Мінько лічыць, што падставаў для трывогі няма:

"Зборная з'явіцца толькі ў чэрвені. А цяпер нікога няма, у нас жа ўсе легіянеры, усе гуляюць у замежных клубах. Таму цяпер і спяшацца няма куды. Што сёння трэнер будзе рабіць, калі гульцоў няма?".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі