Еўрапейскія дыпламаты напісалі ліст беларускім журналістам-палітвязням

У зняволенні знаходзяцца 33 журналісты і работнікі СМІ / pixabay.com

У зняволенні знаходзяцца 33 журналісты і работнікі СМІ / pixabay.com

Еўрапейскія дыпламаты напісалі ліст беларускім журналістам-палітвязням. Нагодай стаў Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў. Гэты дзень заснаваны Генасамблеяй ААН і адзначаецца 2 лістапада.

Дыпламаты нагадалі, што ў Беларусі цяпер знаходзяцца ў зняволенні 33 журналісты і работнікі СМІ, і ў публічнай сферы краіны "востра адчуваецца недахоп іх галасоў". У заяве дыпламатаў таксама гаворыцца, што ўрады іх краін "адзіныя ў патрабаванні аб тым, каб палітвязні Беларусі нарэшце выйшлі на волю". Паколькі тэкст ліста з-за праверкі карэспандэнцыі ў турмах у любым выпадку не застанецца канфідэнцыйным, аўтары вырашылі яго апублікаваць.

"Арганізацыя Аб'яднаных Нацый разглядае свабоду слова як рухальную сілу для рэалізацыі ўсіх іншых правоў чалавека. Без свабоды слова няма інфармацыі, празрыстасці і кантролю, якія зрабілі б магчымым ажыццяўленне ўсіх іншых правоў чалавека. Не выпадкова ў прэамбуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года свабода слова названая першай з чатырох асноўных свабод", — нагадалі аўтары паслання.

Беларускія журналісты, якія апынуліся ў зняволенні, "з вялікай мужнасцю адстойвалі свабоду слова ў Беларусі", і тое, што сёння яны апынуліся ў няволі праз гэта, — "абуральная несправядлівасць".

"Мы думаем пра вас сёння, і мы ўважліва сочым за вашым лёсам у цяперашняй сітуацыі – кожны божы дзень", — гаворыцца ў пасланні. Такія лісты беларускім журналістам-палітвязням падпісалі дыпламаты Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Аўстрыі, Балгарыі, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі, Румыніі, Фінляндыі, Швецыі і Швейцарыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі