Еўрадэпутатка: “Спачатку вызваленне палітвязняў, потым візы”

чаму міністры не прынялі рашэнне па шэнгенскіх візах для беларусаў.

Еўрасаюз не праігнараваў пытанне бясплатных шэнгенскіх візаў ці хаця б спрашчэння візавага рэжыму з ЕС для беларусаў. Міністры замежных спраў пакуль проста не могуць дамовіцца. Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё распавяла літоўская еўрадэпутатка Лайма Андрык’енэ, сябра Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю і віцэ-старшыня падкамісіі па правах чалавека. 
Лайма Андрык’енэ: “Я не думаю, што міністры замежных спраў гэта праігнаравалі. Думаю, што дыскусія на гэтую тэму таксама была, але пагаднення яны не дасягнулі. Але што мы хацелі ад іх перш за ўсё — гэта ацэнка таго, што адбылося ў дзень выбараў у Беларусі, пасля выбараў, пасля падліку галасоў, таксама ацэнка той сітуацыі ў Беларусі, якую мы маем на сённяшні дзень”.
Гэта першы крок Еўрсаюза, за якім пойдуць наступныя. На цяперашнім этапе важна выказаць сваё асуджэнне дзеянняў беларускіх уладаў і вызваліць палітвязняў, а потым ужо можна размаўляць і пра спрашчэнне візавага рэжыму, патлумачыла Лайма Андрык’енэ:
Лайма Андрык’енэ: “Мае два добрыя сябры — Анатоль Лябедзька і Павал Севярынец — усё яшчэ знаходзяцца ў турме, ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. І пакуль мы гэта бачым, важна сказаць: “Так не павінна быць”. У Еўропе такога быць не можа. Няважна, уваходзіць гэтая краіна ў ЕС ці не. Такога быць проста не можа ў ХХІ стагоддзі. А потым будзем вырашаць іншыя пытанні, у тым ліку візавага рэжыму для грамадзян Беларусі”. 
Бліжэйшыя краіны-суседкі Беларусі дамагаюцца вызвалення вязняў рознымі “абыходнымі” шляхамі. Менавіта ў такім кантэксце варта разглядаць таемны візіт у Вільню кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі Уладзіміра Макея. Гэтыя захады не азначаюць, што Літва бароніць перад Еўропай пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі, кажаЛайма Андрык’енэ.
Лайма Андрык’енэ: Я не думаю, што Літва з’яўляецца адвакатам рэжыму Лукашэнкі. Але Літва — гэта суседняя краіна. І, як я разумею пазіцыю сваёй краіны, мы б вельмі хацелі дапамагчы людзям, якія жывуць у Беларусі. І мы шукаем усе магчымыя шляхі, каб гэта зрабіць. Таму крытыкаваць кагосьці я не буду”. 
Рашэнне Савета ЕС Лайма Андрык’енэ лічыць не слабым, а хутчэй асцярожным. Але добра і тое, што міністры замежных спраў дасягнулі кансенсусу па беларускім пытанні, мяркуе літоўская еўрадэпутатка. 
Лайма Андрык’енэ: “Нехта спадзяваўся, што санкцый не будзе. Але яны ёсць. Гэта першы крок. Па-мойму, добра выказаная пазіцыя Еўрасаюза, якую можна было дасягнуць. Але Еўрапарламент больш вольны, каб сказаць, што мы адчуваем і думаем насамрэч. А міністры яны звычайна глядзяць на рашэнне вельмі прагматычных пытанняў. Таму іх пазіцыя больш асцярожная”.
Фота: www.lrytas.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі