Еўрадэпутат: Новы склад Еўрапарламента яшчэ менш будзе цікавіць Беларусь

Даведка Еўрарадыё: Крысціна Оюланд з 2002 па 2005 г. была міністрам замежных спраў Эстоніі. У гэты час Эстонія стала сябрам ЕС і NATO. З 2009 года — сябра Еўрапарламента ад Эстоніі, сябра Камітэта па міжнародных справах Еўрапарламента, віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Еўрарадыё: Як у Еўропе, у Эстоніі змяніліся настроі ў выніку падзей ва Украіне? Ці адчуваецца пагроза з боку Расіі?

Крысціна Оюланд: Тое, што адбылося і адбываецца ва Украіне, вельмі моцна будзе ўплываць на ўзаемаадносіны з Расіяй яшчэ доўгія і доўгія гады. Мне падаецца, што такія нечаканыя змены ў сферы бяспекі, што датычаць найперш Эстоніі, іншых прыбалтыйскіх краін ды ўсходніх краін Еўрасаюза, моцна паўплывалі на стаўленне да таго факту, што войскі NATO, амерыканскія вайскоўцы знаходзяцца на нашай тэрыторыі. І гэта стала сюрпрызам. Я памятаю, калі мы 10 гадоў таму падпісалі дамову аб далучэнні да NATO, то нават тады я не верыла, што на ўласныя вочы пабачу амерыканскія войскі ў Эстоніі. Нават у пачатку гэтага года не верыла ў такое. І нават напісала артыкул, дзе казала, што тыя 2%, якія Эстонія выдзяляе з дзяржбюджэту на развіццё ўзброеных сіл Эстоніі, лепш інвеставаць у людзей, развіццё рэгіёнаў Эстоніі. Але тое, што адбылося ва Украіне, прынесла вялікія змены, і ў Еўрасаюзе цяпер на палітычным узроўні абмяркоўваюць розныя прагнозы — як будаваць адносіны паміж ЕС і Расіяй.

Я пяць гадоў у Еўрапарламенце і акурат займалася Расіяй — была дакладчыкам па Расіі. Вяла перамовы ад імя ЕС з Расіяй па новых дамовах, па пытаннях энергетыкі, правах чалавека, дэмакратыі, займалася эканамічнымі пытаннямі і гэтак далей. Падзеі ва Украіне моцна паўплываюць на эканамічны аспект адносінаў з Расіяй. Гэтыя падзеі паставілі шмат пытанняў перад еўрапейскімі інвестарамі, якія інвеставалі ў Расію і Украіну ці планавалі гэта рабіць, і на гэтыя пытанні пакуль адказаў няма. А мы ведаем, што шмат важных дзяржаў ЕС мае вялікія бізнес-інтарэсы ў Расіі. І як іх будуць вырашаць — пытанне адкрытае. Вось такія настроі цяпер у ЕС.

Еўрарадыё: Такое адчуванне, што еўрапейскія інвестары ўспрымаюць пагрозы страціць для сваіх бізнес-інтарэсаў Расію як непапраўную трагедыю…

Крысціна Оюланд: Два месяцы таму Еўрасаюз распачаў з ЗША перамовы аб падрыхтоўцы дамовы аб зоне свабоднага гандлю паміж Амерыкай і ЕС. У кантэксце Украіны гэтыя перамовы будуць весціся хутка. І гэта дае магчымасць еўрапейскім бізнесменам пераарыентаваць свае інтарэсы на Амерыку. У перспектыве — падрыхтоўка такой жа дамовы з Японіяй. Чым не замена?

Еўрарадыё: Як на Эстоніі адбіўся “ўкраінскі канфлікт”?

Крысціна Оюланд: Першае, што мы адчулі, — змены ў гандлі і эканамічных адносінах з Расіяй. Ужо стала менш транзіту, а калі санкцыі супраць Расіі будуць пашыраныя, асабліва ў энергетычнай сферы… Мы ж, усе краіны Балтыі, на 100% залежым ад расійскага газу. У нас няма сувязі (газаправоднай — Еўрарадыё) з іншымі краінамі Еўрасаюза — толькі электрасувязь з Фінляндыяй. Днямі ў Талінскім порце быў сход, дзе абмяркоўвалеся змяншэнне транзіту. Транзіт з Расіі — гэта не самае важнае ў нашай эканоміцы, але ён ужо зменшыўся пасля 2007 года, а цяпер ізноў. І мы абмяркоўвалі, тут прычына палітычная, якая народжаная ў Крамлі, ці аб’ектыўная — у Расіі цяпер таксама спад эканомікі. Але ёсць яшчэ адна небяспека — турызм. Ён на трэцім месцы ў нашай эканоміцы, мы яго апошнія гады моцна развівалі, у нас было шмат турыстаў з Расіі, але калі напружанасць у адносінах паміж ЕС і Расіяй будзе павялічвацца, калі гэтая напружанасць будзе захоўвацца працяглы час, то “рускі турызм” можа скончыцца. Што не вельмі добра для эканомікі.

Еўрарадыё: Да канца 2014 года ў Беларусі з’явіцца расійскі авіяцыйны полк. Імаверна, што будуць тут і расійскія “Іскандэры”, і нават сухапутныя войскі. Ці не прывядзе гэта на новай эскалацыі напружанасці ў нашым рэгіёне?

Крысціна Оюланд: Я таксама гэтага баюся. Такая эскалацыя нікому не патрэбная і нікому не на карысць. Нават Расіі. Той баланс, які ў нас існаваў да ўкраінскага крызісу, парушаны. Значыцца, трэба будаваць новы баланс. Для нас гэта асабліва важна, бо мы знаходзімся на мяжы ЕС і Расіі. І гэты новы баланс пачаў выбудоўвацца — у нас ужо з’явіліся войскі NATO. Там не толькі амерыканцы, але і брытанцы, і вайскоўцы з іншых краін. Праўда, наўрад ці гэта спрацуе на падвышэнне бяспекі нашых дзяржаў, а магчыма, наадварот.

Еўрарадыё: У Эстоніі досыць шмат “рускамоўных” грамадзян — як на іх паўплывалі дзеянні Расіі па “абароне рускамоўных у іншых краінах”?

Крысціна Оюланд: Цяпер для палітыкаў Эстоніі ў прыярытэце тое, каб здолець весці з рускамоўнымі жыхарамі Эстоніі такі дыялог, у выніку якога ў нас будзе ўпэўненасць у тым, што ў нас не будзе такога развіцця падзей, як ва Украіне. І мне падаецца, што нашы рускамоўныя людзі вельмі… збалансавана ставяцца да падзей па Украіне. Людзей хвалюе тое, што там адбываецца, — у некага там сваякі, у некага сябры. Але гэта персанальныя хваляванні — нейкага палітычнага супрацьстаяння з эстонскім кіраўніцтвам у гэтых людзей няма. Цяпер у нас выбары ў Еўрапарламент, і я была на сваёй радзіме, сустракалася са студэнтамі ў Нарве — а гэта досыць рускамоўны рэгіён. Мне задавалі шмат пытанняў, але я не пачула такой думкі, што Захад усё робіць няправільна, а Пуцін мае рацыю. Нейкага супрацьстаяння я не адчула.

Еўрарадыё: Вы ўпэўненыя, што ў выпадку ваеннай агрэсіі з боку Расіі NATO абароніць Эстонію?

Крысціна Оюланд: Я ўпэўненая, што NATO выканае свае абавязанні перад сябрамі арганізацыі. І калі раптам такая сітуацыя створыцца, то NATO тут побач. І не толькі тыя 150 вайскоўцаў, што ўжо цяпер знаходзяцца ў Эстоніі — войскі можна хутка перакінуць з іншых краін NATO. У апошнія гады было шмат сустрэч вайскоўцаў, падчас якіх распрацоўвалі планы абароны Балтыйскіх краін. Канечне, нават прадстаўнікі NATO прызналі, што абарона краін Балтыі — не самае лёгкае заданне, але нельга сказаць, што планаў абароны зусім няма. І ў апошнія тыдні да нас пастаянна прыязджаюць высокія прадстаўнікі NATO.

Еўрарадыё: Ці зменшылася праз падзеі ва Украіне цікавасць еўрадэпутатаў да “беларускага пытання”?

Крысціна Оюланд: Украіна забрала шмат энергіі ў Еўропы. І забірала яе цягам усяго апошняга года. Размова вакол Дамовы аб асацыяцыі Украіны з ЕС цягнулася шмат часу — больш за паўтара года. Увесь гэты час менавіта Украіна была ў фокусе Еўрапарламента. Менавіта яе пастаянна абмяркоўвалі на пасяджэннях камітэта міжнародных спраў і бяспекі, усе сустрэчы і абмеркаванні з удзелам Кэтрын Эштан тычыліся найперш Украіны. Адпаведна, беларускім пытаннем практычна не займаліся, і, на жаль, шмат палітыкаў казала, што яны не бачаць перспектыў для рэальных палітычных зменаў у Беларусі. Шчыра — цікавасць да Беларусі апошнім часам была нашмат меншая, чым яшчэ 4-5 гадоў таму.

Еўрарадыё: Шмат кажуць пра неабходнасць “перафарматаваць” Усходняе партнёрства — як вам бачыцца будучыня гэтай ініцыятывы?

Крысціна Оюланд: Трэба прызнаць, што наша так званая агульная замежная палітыка Еўрасаюза не вельмі эфектыўная. Мы пастаянна страчваем ініцыятыву, “прападаем” на маленькіх бюракратычных пытаннях. Возьмем, да прыкладу, сябраў Усходняга партнёрства Грузію і Малдову: іх дыпламаты актыўна працуюць, просяць: “Давайце падпішам Дамову аб асацыяцыі з ЕС (на лістападаўскім саміце ў Вільні Грузія і Малдова парафіравалі гэтыя дамовы з ЕС — Еўрарадыё) да пачатку лета!” Але бюракратыя Еўрасаюза не дае такой магчымасці. І я сябе не вельмі ўпэўнена адчуваю, калі разумею, што гэтае падпісанне адкладаецца да жніўні ці да верасня — невядома ж, чаго можна чакаць ад Пуціна ў найбліжэйшы час! Днямі ў мяне ў гасцях былі сябры з Грузіі, і яны хвалююцца: калі Дамова не будзе падпісаная найбліжэйшым часам, то вынік можа быць непрадказальны.

Еўрарадыё: Як, на вашую думку, зменіцца стаўленне новага складу Еўрапарламента да “беларускага пытання”?

Крысціна Оюланд: У Еўрапарламент імкнуцца, і, імаверна, шмат будзе абрана розных экстрэмістаў, якія не хочуць нічога чуць пра Усходняе партнёрства. І цяжка сказаць, колькі часу новы Еўрапарламент будзе траціць на Беларусь. Але ж справа не толькі ў Еўрасаюзе — і Беларусь не мае падстаў спадзявацца на пашырэнне супрацоўніцтва. З Лукашэнкам Еўрасаюз не можа будаваць партнёрскія адносіны — з ім не можа быць партнёрства. Ёсць, канечне, беларускі народ, але пакуль народ не зменіць палітычны рэжым, Еўрасаюз, пры ўсім жаданні, не зможа ўмацоўваць адносіны з народам. Канечне, з няўрадавымі арганізацыямі робяцца нейкія сумесныя праекты, але гэта несапраўднае партнёрства. Бо няма перспектывы на падпісанне нават Дамовы аб асацыяцыі Беларусі з ЕС. Таму адносіны з Беларуссю ў пэўным сэнсе замарожаныя.

Еўрарадыё: Цяпер афіцыйны Мінск нібыта чарговы раз спрабуе палепшыць адносіны з Захадам. Што вы як былы міністр замежных спраў Эстоніі параіце сваім калегам з краін ЕС — паверыць Лукашэнку?

Крысціна Оюланд: У нас ужо ёсць сумны вопыт такіх “пацяпленняў”. Возьмем прэзідэнцкія выбары 2010 года, калі былі вельмі вялікія чаканні, што пройдуць дэмакратычныя выбары, і ўсе далейшае развіццё краіны пойдзе ў нармальны бок. А што атрымалася? Большасць кандыдатаў арыштавалі. Ёсць вопыт, пасля якога вельмі складана будаваць адкрытыя і сяброўскія адносіны з партнёрам, які цябе падвёў.

Еўрарадыё: Ці даводзілася вам асабіста сустракацца з кіраўніком Беларусі?

Крысціна Оюланд: Не. Рэч у тым, што мяне не пускаюць у вашую краіну ўжо шмат гадоў — мне візы не даюць!

Еўрарадыё: А за што вас так?

Крысціна Оюланд: Не ведаю, але, здаецца, яшчэ ў 2007 годзе я хацела паехаць у Беларусь, але мне візы не далі. Так што я неўязная ў Беларусь!

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі