Рэпартаж з традыцыйнай для Еўрабачання нетрадыцыйнай вечарынкі

Пакуль удзельнікі другога паўфіналу "Еўрабачання" спяваюць для журы і хвалююцца, што ж за балы яны атрымаюць, Еўрарадыё едзе на тусоўку ў EuroClub (таксісты кажуць, што некалі клуб належаў Януковічу і быў закрытым для простых наведвальнікаў). Эпатажную гейскую вечарынку ладзяць брытанскія фанаты "Еўрабачання" Wiwibloggs. Сёння тут выступаюць фіналісты конкурсу. Але куды цікавей, як нам падаецца, атмасфера сяброўства і свята, і самі фэны, якія з'ехаліся ў Кіеў з усіх куткоў Еўропы.

Лена, журналіст з Осла, працуе ў жаночым часопісе і ЛГТБ-медыя:

"Я сёлета за Эстонію. Яны добра спяваюць, вы бачылі яе сукенкі? Яна іх пастаянна мяняе. Я люблю іх песню, яна з вялікім сэрцам. Натуральна, я люблю і нарвежцаў, лічу, што ў іх ёсць шанец. Беларусь? Оў, яны даволі добрыя. Сёння я галасавала за месцы, дзе хачу пабываць. Я галасавала за Беларусь, хачу папіць вашага віна".

Юха, жыве ў Стакгольме, артыст мюзікла ABBA "Маmmа Міа":

"Ты бачыш гарылу? З якой яна краіны? Італія! Я за Італію! Я ведаю і беларусаў, можаце напець? Я лічу, што гэта вельмі добра, таму што ў вас прыгожая мова. Мне падабаецца. Яны ўвойдуць ў топ-10. Учора я растроіўся за фінаў, што не прайшлі ў фінал. Але я спадзяюся ўсё ж у ў наступным годзе паехаць у Рым".

Таццяна, дызайнер з Кіева:

"Мой фаварыт — канкурсант з Ізраіля, ён проста падабаецца, запальвае, стварае настрой. І вашыя дзяўчынка з хлопчыкам падабаюцца — яны вельмі шчырыя, супер! Я ўпершыню на конкурсе, але мне падабаецца абстаноўка "Еўраклуба" — усе жыццерадасныя, прыязныя, пазітыўна настроеныя. Усім камфортна і ўсе шчаслівыя".

Саша — украінец, перакладчык-лінгвіст, жыве ў Германіі:

"У мяне ёсць некалькі фаварытаў. Гэта Беларусь. Праўда, мне вельмі падабаецца ваша песня. Гэта першая беларуская песня на "Еўрабачанні", якая мне спадабалася — энергічная і завадная, поўная энергетыкі і эмоцый. Таксама мне вельмі падабаюцца Ірландыя і Вялікабрытанія. Гэта мой топ".

Сіні, жыве ў Хельсінкі, відэаблогер:

"Я балею за Чарнагорыю і Італію. У Кіеве я ўпершыню, і знаходжу, што тут вельмі прыгожа. Мне падабаецца гэтая прырода, паркі, будынкі, якіх няма ў Хельсінкі".

Кампанія з пяці сяброў прыехала на "Еўрабачанне" з Германіі ў вобразах Веркі Сярдзючкі. Маўляў, у на радзіме Веркі трэба выглядаць толькі так
Фэны слухаюць выступ аўстралійскага спевака а таксама ўкраінскіх кавер-спевакоў