Вы тут

Эпідэмія бяздомнасці: гісторыі выжывання падчас пандэміі COVID-19 з пяці краін

Раздача ежы ў Міхайлаўскім скверы ў цэнтры Мінска падчас пандэміі COVID-19 / Васіль Федасенка / Reuters

Эксперты прадказваюць: за каранавірусам, хутчэй за ўсё, пойдуць услед іншыя, не менш небяспечныя выклікі. Адзін з іх — эпідэмія бяздомнасці. Расказвае "Медиасеть".

Украіна: каша і мыла

Ужо цяпер да войска бяздомных у многіх гарадах свету далучыліся людзі, якія раней перабіваліся часовымі падпрацоўкамі, а цяпер страцілі гэты нестабільны даход, а разам з ім — магчымасць аплаціць начлег у танным хостэле. Літаральна ўчора чалавек быў грузчыкам або рознарабочым, а сёння начуе на лаўцы ў скверы і правярае смеццевы бак. Пройдзе зусім няшмат часу — і ён не будзе адрознівацца ад людзей, якіх прынята цурацца і называць словам "бомж".

Бяздомныя стаяць у чарзе па ежу ў Кіеве / Іван Чарнічкін / Заборона

Вуліца зацягвае. Большасць людзей, якія засталіся без прытулку ў каранцін, хутчэй за ўсё, ужо не змогуць вярнуцца да звычайнага жыцця, тлумачыць Таццяна Віткоўская, валанцёр, разам з якой журналісты ўкраінскага выдання "Заборона" прайшліся па вуліцах Кіева. Спачатку Таццяна проста пакідала кантэйнеры з гарачай кашай каля смеццевых бакаў, але потым зразумела, што адчувае патрэбу перадаць людзям ежу з рук у рукі.

Выходзячы з дома, Таццяна заўсёды бярэ з сабой мыла. Наўрад ці гэта відавочна абывацелю, але для чалавека, які апынуўся на вуліцы, кавалак мыла можа быць не менш каштоўным, чым талерка гарачай ежы.

З увядзеннем каранцінных абмежаванняў кіеўскія бяздомныя страцілі доступ да чыстай вады і не могуць карыстацца туалетамі: вакзалы, дзе можна было гэта зрабіць, цяпер закрытыя і памыцца можна толькі пры пітных фантанчыках. У эпідэміі гэта робіць бяздомных асабліва ўразлівымі.

У адрозненне ад іншых людзей кіеўскія валанцёры не могуць закрыцца на каранцін — яны прыходзяць да сваіх падапечных, як і да эпідэміі. Адну з такіх сустрэч зняла фотакарэспандэнтка ўкраінскага анлайн-тэлебачання "Грамадскае".  

Беларусь: вулічная медыцына

Раздача ежы ва ўсіх гарадах адбываецца аднолькава: людзі выстройваюцца ў чаргу, валанцёры просяць іх захоўваць дыстанцыю. У Мінску такія раздачы праходзяць у цэнтры горада, у Міхайлаўскім скверы. У адну з субот тут пабывалі журналісты незалежнага беларускага рэсурсу "Еўрарадыё".

Карына Радчанка — студэнтка лячэбнага факультэта медуніверсітэта, цяпер яна працуе медсястрой, а ў суботы вось ужо два гады прыходзіць у Міхайлаўскі сквер з аптэчкай.

"Калі ў чалавека раны, апёкі, мы накіроўваем у траўмапункт, патрэбна экстранная дапамога — выклікаем хуткую, — кажа Карына. — Але апрацаваць рану, перабінтаваць мы можам".

Медыкі і валанцёры дапамагаюць бяздомным у Міхайлаўскім скверы ў цэнтры Мінска / Васіль Федасенка / Reuters

Ёмістая аптэчка Карыны падзелена на адсекі, кожны з якіх падпісаны: "кашаль", "сэрца", "алергія". Яшчэ тут ёсць аддзяленне "магія" — спецыяльна для тых, у каго нічога не баліць, але Карына бачыць — чалавек мае патрэбу ва ўвазе і суразмоўніку.

"Магія" — гэта вітамінкі, якія выклікаюць эфект плацэба", — тлумачыць яна. І хоць сярод бяздомных сапраўды вельмі шмат тых, каму патрэбны сапраўдныя лекі, "магія" па-ранейшаму вельмі актуальная.   

Малдова: адзіны выбар

Выжыць у заблакаваным горадзе было б немагчыма, калі б не кішынёўскія валанцёры. Яны дамовіліся з рэстаранамі — і цяпер рэстараны прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі і бясплатна даюць ежу тым, хто не можа яе купіць. Валанцёры кінулі кліч у грамадстве — і цяпер збіраюць ахвяраванні ў насельніцтва, у асноўным мыла і іншыя прадметы гігіены, якія таксама вельмі патрэбныя.

Абеды для бяздомных у Кішынёве / ініцыятыва "Coliba Albastră"

Сярод бяздомных ёсць людзі рознага полу, узросту і стану здароўя. Галоўнае і самае сумнае, што іх аб'ядноўвае ў Малдове, — поўная адсутнасць выбару. У цяперашні час, нягледзячы на намаганні актывістаў, з якімі пагаварылі журналісты малдаўскай газеты Ziarul de Garda, у краіне не існуе цэнтра для людзей, якім няма дзе жыць, — адзіны, у які можна было прабіцца хоць бы камусьці, цяпер закрыты на каранцін.  

Расія: доктар Жэня

"Быў у мяне сябар, ён ляжаў на стане [ўладкаванае для начлегу месца на цеплатрасе]. Па цемры падышлі хатнія, моладзь, кінулі бутэльку з гаручай сумессю і падпалілі яго. Ён згарэў жыўцом. Прыехала паліцыя з трупавозкай, яго загрузілі і павезлі. Я потым пытаўся ў паліцыі, як ідзе справа з расследаваннем, дык мне адказалі, што справу закрылі. Маўляў, неасцярожнае абыходжанне з агнём, сам згарэў. А там, між іншым, быў сведка, такі ж валацуга, ён паспеў уцячы, а вось мой сябар — не. П'яненькі быў, не ў стане", — гэтую жахлівую гісторыю расказаў Улад, які ўжо 7 гадоў жыве на вуліцах расійскага Чэлябінска.

Улад пагутарыў з журналістамі незалежнага расійскага выдання "Новая газета" падчас візіту да бяздомных "доктара Жэні" — актывіста Яўгена Касоўскіх, які кожны тыдзень раздае ўсім, хто жыве ў нястачы, ежу, цёплае адзенне і лекі.

Доктар Жэня і валанцёр / "Іншая медыцына"

Са слоў Улада, чэлябінская паліцыя рэгулярна спрабуе "павесіць" на бяздомных нераскрытыя злачынствы. За гады жыцця на вуліцы самога Улада паспелі абвінаваціць у крадзяжы тэлефона, рабаванні вулічнага кіёска і рабаванні дома.

Таму ён імкнецца не трапляцца лішні раз на вочы паліцэйскім — асабліва на фоне эпідэміі:
"Яны адпраўляюць нас у нейкі лагер за горад. Кажуць, да канца пандэміі. Баяцца, што мы разнясём заразу".

Казахстан: страшны гарадок

Сабраць бяздомных і павезці іх прэч з вачэй — даволі звыклая схема. Яе апрабавалі, напрыклад, у Алматы. Тут бяздомным вылучылі месца ў прамысловай частцы горада: за цяжкімі металічнымі варотамі з папярэджаннем на трох мовах — “Увага! Зона рызыкі COVID-19" — па чутках, разбіты палатачны лагер. Нягледзячы на цэлы шэраг зваротаў у афіцыйныя структуры, рэпарцёрам-расследавальнікам казахстанскага інтэрнэт-часопіса Vласть так і не ўдалося пракрасціся за змрочны паркан прамзоны, адведзенай пад часовы гарадок для бяздомных.   

Той самы паркан, за якім знаходзіцца гарадок для бяздомных на ўскраіне Алматы / Vласть

Тым часам чуткі пра гарадок ходзяць самыя змрочныя. Вось што расказвае чалавек, які назваў сябе былым жыхаром лагера, якому ўдалося з яго ўцячы:

"Там людзей забіваюць, там іх голадам мораць. Вось шчыра. І САХР [спецыяльны атрад хуткага рэагавання], ён не шкадуе людзей, ён проста збівае. Да смерці. Калі з палаткі выйшаў — б'е. Вады папрасіць хацеў — б'е. І забілі траіх чалавек. Канкрэтна дубінкамі забілі. Кулакамі не б'юць, дубінамі збіваюць", — сказаў малады чалавек, якога журналісты называюць Русланам.

За дзень да завяршэння дзеяння рэжыму надзвычайнага становішча ў Казахстане, 10 траўня, гарадок для бяздомных закрылі, а іх саміх выпусцілі назад на вуліцы. Праваабаронцы цяпер спрабуюць даведацца, ці дапамаглі хоць каму-небудзь з іх з уладкаваннем у дамы састарэлых або іншыя ўстановы. Самі бяздомныя пацвярджаюць жорсткае абыходжанне ў лагеры падчас знаходжання там.