Oke Peterson wants to return at belarusian swamps

Кіраўнік місіі АБСЕ ў Мінску пакідае пасаду

 
Мы сустрэліся са спадаром Петэрсанам у яго офісе напярэдадні развітання дыпламата з нашай краінай, у якой ён працаваў два гады. Яго шлях з Мінску не вельмі далёкі — у Кіеў. Там ён будзе працаваць прадстаўніком Генеральнага Сакратара Савета Еўропы.



Даведка Еўрарадыё:
Да прызначэння ў нашу краіну, спадар Оке Петэрсан працаваў у МЗС Швецыі, быў адказным за справы ўцекачоў, быў дыпламатам у Расіі, Афрыцы, Злучаных Штатах Амерыкі, краінах Усходняй Еўропы.


Майму пераемніку спатрэбіцца шмат цярплівасці.

Спадар амбасадар, заўжды вельмі шкада, калі з’язджаюць людзі, якія за час сваёй працы становяцца, як гаворыцца, «свядомымі», якія перажываюць за справы нашай краіны.
Якія наказы Вы дасце свайму пераемніку?


— Дзякую за вашыя словы. Безумоўна, у мяне быў вельмі цікавы час тут.
Канечне, я свайму пераемніку (я пакуль не ведаю, хто гэта) буду даваць парады, якія грунтуюцца на маім досведзе, як і я атрымаў пэўныя парады ад свайго папярэдніка. Не тое, каб я казаў, что ён павінен рабіць. Але скажу, што ён павінен валодаць шырокімі ведамі аб развіцці гэтай краіны — не толькі ў сталіцы, Мінску, але і асабліва па-за яе межамі: што там адбываецца, як людзі там ставяцца да таго, што адбываецца, што там абмяркоўваецца. Трэба падарожнічаць, трэба мець вельмі добрыя шчыльныя кантакты па-за Мінскам. Гэта вельмі важна. Яшчэ скажу, што трэба працаваць з цярплівасцю. Трэба разумець, што дэмакратызацыя патрабуе часу і гэты офіс АБСЕ існуе для таго, каб дапамагаць у гэтай справе і ўладам, і грамадству Беларусі. І для гэтага трэба кіраўніку гэтага офісу мець вялікую цярплівасць.

За гэтыя два гады Вам давялося шмат разоў выяўляць цярплівасць? Што змянілася за гэтіты час?

— Тут заўжды выклікі, выклікі штодня. Мы як офіс і я як кіраўнік — мы маем адзін мандат. Я кожную раніцу пытаў сябе, якім чынам я магу прынесці карысць гэтай краіне, маючы на ўвазе гэты мандат. Я павінен сказаць, што тут сітуацыя не палепшылася ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, у дачыненні да свабоды выказвання, свабоды слова, свабоды сходаў і г.д.

Я бачу, што тут дзейнічае заканадаўства, якое мае намер вельмі дэталёва рэгуляваць дзеянні грамадзянаў Беларусі. Але я думаю, што гэтыя заканадаўчыя пункты не заўжды працуюць менавіта дзеля карысці людзей. Гэта азначае, што нам ёсць што абмяркоўваць з уладамі.

Гэта патрабуе часу, але я думаю, што калі-небудзь гэта будзе зроблена. Я думаю, жыццё пакажа, што развіццё можа ісці только ў адным напрамку.


— Спадар Петэрсан, скажыце, калі ласка, якія праекты офісу АБСЕ за час сваёй працы Вы лічыце найбольш паспяховымі?

 
— Вы ведаеце, я магу сказаць, што мы знайшлі аптымальныя спосабы працаваць у галіне эканомікі і экалогіі. Менавіта тут супадаюць інтарэсы і прыярытэты нас і беларускіх уладаў наконт чалавечага вымярэння.

Думаю, асабліва паспяховы праект па альтэрнатыўных крыніцах энергіі. Мы ўжо цяпер працуем з беларускімі ведамствамі па развіцці такіх крыніцаў энергіі. Мы ладзілі семінары, дзе аналізавалі досвед іншых краінаў, напрыклад Швецыі, якая ўжо даўно (можа нават, раней за іншых) працуе над распрацоўкай альтэрнатыўных крыніцаў энергіі.

 
—А што за час Вашай працы, на Вашу думку, не ўдалося ажыццявіць?

— Больш за ўсё мне шкада, што ўлады не цэняць патэнцыял усіх слаёў грамадства. Улады думаюць, што могуць самі ўсё кантраляваць. У гэтым нават ёсць нейкая праўда — напрыклад, у сацыяльным плане. Але ўсё ж, я думаю, гэта не забяспечыць устойлівага развіцця, бо для ўстойлівага развіцця трэба прыслухоўвацца да ініцыятываў грамадскіх групаў, якія часткова робяць гэтую працу разам з уладамі.

Не думаю, што ўсе краіны выставяць Беларусі 60 еўра за шэнгенскую візу

А Вы бачыце перспектыву, каб калі-небудзь Беларусь увайшла ў Еўропу — канечне, я маю на ўвазе палітычную Еўропу.

— Перспектыва, канечне, ёсць, калі мы кажам пра ўзровень адукацыі ў гэтай краіне і ўсведамленне сваёй прыналежнасці да еўрапейскай гісторыі. І калі людзі ў пэўны момант гэтага захочуць, я думаю, гэта, канечне, будзе магчыма. Калі гэта будзе — гэта іншае пытанне, пытанне часу. Я думаю, можа быць нават, няпрваільна сёння прагназавац, калі гэта можа быць, таму што вельмі шмат усё ж такі будзе залежаць ад акалічнасцяў, рашучасці краіны ўступіць у Еўрапейскі Саюз. Я думаю, самае галоўнае цяпер — што тэндэнцыя ўмацоўваецца. І калі ў пэўны момант гэтае жаданне будзе ясна выказанае, я думаю, Беларусь можа хутка пакрочыць па гэтым шляху.

Існуюць 12 умоваў ЕС у дачыненні да Беларусі. Ці могуць нейкія з гэтых 12 умоваў быць выкананыя беларускімі ўладамі ў найбліжэйшы час?

— Нельга, напэўна, вылучаць некалькі ўмоваў як самыя выканальныя. Я думаю, самі ўлады павінны вырашыць, што для іх важна, зрабіць свае высновы. Выканаць усе 12 умоваў за ноч нерэальна, канечне.

Што патэнцыйна можа атрымаць беларуская ўлада, пачаўшы выконваць гэтыя ўмовы?

Думаю, ЕС паказвае прыклад гарманічнага развіцця. Досвед кажа пра тое, што там ёсць патэнцыял. Як ва ўсялякіх грамадствах, і ў Еўрапейскім Саюзе ўзнікаюць праблемы, Беларусь таксама павінна вырашыць праблемы такога плана, якія сёння ёсць у парадку дня. І я думаю, Беларусі было б вельмі выгадна вырашаць гэтыя праблемы разам са структурамі ЕС, якія паказалі ўжо шляхі вырашэння гэтых праблемаў.

А ці не думаеце вы, што выкананне гэтых умоваў для сённяшняй улады немагчыма, бо прывядзе да змены гэтай самай улады?

— Гэта добрае пытанне. Насамрэч рэальна абмяркоўвалася, ці могуць быць выкананыя гэтыя ўмовы і ці можа цяперашняя ўлада існаваць пасля іх выканання. Я не ўпэўнены, ў гэтым. Улады ў Беларусі не цэняць права і карысць ініцыятываў. Яны думаюць, што ўлада ўсё кантралюе, мае добрыя амбіцыі, і лічаць, што з усім могуць справіцца самастойна. Я мяркую, што было б вельмі добра грунтавацца на ініцыятывах знізу ў грамадстве. Трэба адкрываць гэтую прастору, імкнуцца ўлічваць усе ідэі, усе ініцыятывы, бо яны часцяком ідуць ад вельмі адукаваных людзей, і гэта прынясе велізарную карысць Беларусі. Гэты аспект застаецца нявырашаным у вашай краіне. Спадзяюся, неўзабаве беларускія ўлады павінны заняцца ім.

Што вы думаеце пра кошт шэнгенскай візы ў 60 еўра для беларусаў? Вам не здаецца, што гэты першапачаткова эканамічны крок у выніку можа стаць палітычным? Я маю на ўвазе, што ЕС такім чынам можа адмежавацца ад простых беларусаў эканамічнай заслонай?

— Лічу, нельга сёння казаць пра нейкую заслону. Крок гэты ўсё-ткі працэдурны. Цяпер ЕС вызначыў свае правілы і прыняў рашэнне пра ўвядзенне гэтай візы.
Асабіста я бачу жаданне мноства беларусаў наведваць краіны ЕС і разумею, што для шмат каго непрымальна плаціць столькі за адну візу. Я і раней быў за тое, каб можна было гнутка выкарыстоўваць розныя коштавыя ўзроўні для візаў, і не выключаю, што яно так і будзе. Думаю, што некаторыя еўрапейскія краіны маюць сваю асаблівую пазіцыю ў гэтым і не ўсе захочуць пайсці на 60 еўра, як я разумею. Але я не валодаю поўнай інфармацыяй.

Украінская мова адчыніла мне многія дзверы ў вашай краіне

Вы што-небудзь павязеце з сабой на памяць? Ці зрабілі Вы якія-небудзь пакупкі?

Найперш, канечне, успаміны. Я бачу, што Беларусь — вельмі прыгожая краіна. Часта кажуць, што тут вельмі шмат балотаў. Гэта мяне таксама цікавіць: у маю кампетэнцыю ўваходзіў абавязак наведваць балоты ў рамках нашых праектаў. Менавіта там, дзе ёсць магчымасць паляпшаць стан земляў.

Вы маеце на ўвазе праекты вяртання балотаў?

— Так, самае важнае, што я хачу сказаць, — гэта тое, што трэба захоўваць гэтыя балоты, бо там растуць вельмі важныя віды раслінаў, жывуць жывёлы, птушкі і г.д. І менавіта на балотах некаторыя віды птушак жывуць, размнажаюцца… І захоўваць гэта — вельмі перспектыўна, бо гэта можа нават станоўча ўплываць на турыстычны бізнэс. Звычайна Беларусь ведаюць як краіну, дзе можна добра папаляваць на дзікіх жывёлаў. Насамрэч гэта цудоўна — слухаць гукі прыроды ўначы! Гэта патэнцыйна вельмі важная сфера для развіцця Беларусі.

Вы ўжо не раз пераязджалі з краіны ў краіну. У Вас, мабыць, ёсць свой спосаб спазнаваць новыя для сябе краіны?

— Канечне, я заўжды стараюся вывучаць мову, нягледзячы на тое, наколькі яна вялікая. Некаторыя кажуць, што ёсць маленькія мовы, якія ведаць не трэба. Але я ўсё-ткі хачу ведаць. Я не хачу гэтым сказаць, што я добра ведаю беларускую мову, але размаўляю па-ўкраінску. Я думаю, што гэтага дастаткова, каб ужываць беларускую мову і разумець яе. І гэта мне адчыняла шмат якія дзверы ў вашай краіне. І, канечне, трэба падарожнічаць, каб адчуць, што гэта за краіна. Не заставацца ўвесь час у вялікім горадзе.

Скажыце, калі ласка, на развітанне нашым слухачам і чытачам што-небудзь па-беларуску!

— Я намагаюся размаўляць на беларускай мове і трохі навучыўся разумець беларускую мову. І цяпер напрыканцы гэтага інтэрв’ю жадаю маім беларускім сябрам добрага здароўя. І няхай жыве Беларусь!