Эксперты: Лукашэнка зможа атрымаць ад Расіі фактычна ўсё, што захоча

Эксперты: Лукашэнка зможа атрымаць ад Расіі фактычна ўсё, што захоча

Безумоўна, размова на канферэнцыі ў Таліне “Рубікон-2015: Беларусь як фактар бяспекі і стабільнасці” ішла і пра тое, што можа адбыцца ці ўжо адбываецца ўнутры нашай краіны. Але прысутнасць экспертаў з суседніх краін дае магчымасць прааналізаваць геапалітычную сітуацыю вакол Беларусі і паспрабаваць спрагназаваць: якія пагрозы ці прыемнасці ёсць у нас звонку. І безумоўна, што найбольш горача абмяркоўвалася экспертамі сітуацыя з расійскай авіябазай у Беларусі. Па вялікім рахунку, дакладна сказаць, будзе яна ці не, эксперты так і не здолелі. Выснову можна даць словамі беларускага палітолага Валерыя Карбалевіча:

“Калі задаваць пытанне канкрэтна: будзе база ці не, то я б сказаў, што, хутчэй, не будзе, чым будзе. Па некалькіх прычынах. Але галоўная ў тым, што з’яўленне авіябазы гэта абмежаванне ваеннага суверэнітэту Беларусі, а значыць, і ваеннага суверэнітэту Аляксандра Лукашэнкі”.

Карбалевіч дадае, што з’яўленне такой базы разбурыць вобраз Лукашэнкі-міратворца ў расійска-ўкраінскім канфлікце, які беларускі кіраўнік так рупліва ствараў. Але ці сапраўды роля Беларусі і асабіста Лукашэнкі такая незаменная ў спробе ўрэгулявання гэтага канфлікту? Эксперт Фінскага інстытута міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас раіць ролю Мінска не перабольшваць.

“Ці ёсць у Мінска рэальная роля пасярэдніка ва ўкраінскім канфлікце? Яна мінімальная. Так, нельга адмаўляць яе цалкам. Нейкая спроба заняць сваё месца ў новай сістэме еўрапейскіх каардынат зробленая. Але па вялікім рахунку, Мінск спрабуе атрымліваць выгаду ад таго, што ў адносінах Расіі і Украіны на дадзены момант узнік непрымірымы канфлікт. І што паміж Расіяй і Захадам сёння існуе вельмі глыбокі канфлікт. Але я не чакаю, што той крэн, тая аднабокасць у беларускай знешняй палітыцы, якая назіралася ў апошнія гады, будзе нейкім кардынальным чынам выпраўленая”.

Такім чынам, “цесныя братэрскія абдымкі з Расіяй” Беларусь, на думку экспертаў, аслабляць не збіраецца. Але ці здольная Расія пасля замарожвання Еўропай “беларускіх” санкцый быць нам такім жа шчырым сябрам. Расійскі палітычны кансультант Ігар Мінтусаў упэўнены, што нашы адносіны не зменяцца. Варта прыслухацца, бо менавіта ён летась, на той жа талінскай канферэнцыі “Рубікон” прадказаў хуткае ўварванне расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Украіны. Праз 4 месяцы здарыўся “Ілавайскі кацёл”, дзе, і гэта даказана, былі расійскія вайскоўцы.

Ігар Мінтусаў: “У вас больш-менш прымальна прайшлі выбары, Захад гатовы зняць санкцыі, і такім чынам легітымізаваць Лукашэнку і за выключэннем гэтага казусу з выказваннямі наконт авіябазы, я не бачу вялікіх праблем паміж нашымі краінамі. Мяркую, развівацца адносіны паміж Расіяй і Беларуссю будуць па-ранейшаму: Расія разглядае Беларусь, як свайго бліжэйшага стратэгічнага партнёра, і падстаў для зменаў у адносінах няма”.

Іншая справа, што для Мінска вельмі важным у сяброўстве з’яўляецца фактар грошай. У Расіі цяпер эканамічны крызіс, які і далей будзе паглыбляцца, па сведчаннях расійскіх эканамістаў — ці знойдуцца ў Масквы грошы на падтрымку свайго “стратэгічнага партнёра”?

“Беларусі няма чаго асцерагацца нейкага выпадання з фавору ў Пуціна, ― упэўнены расійскі эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў. ― Еўразійскі саюз ― гэта праект, які з’яўляецца для Масквы фундаментальна прынцыповым. І колькі б грошай і саступак ён ні запатрабаваў, якія б рэверансы ні раздаваліся, яны будуць выкарыстаныя, патрачаныя і раздадзеныя. Бо для Пуціна гэта сёння ажыццяўленне яго мары не столькі аб вяртанні СССР, колькі аб вяртанні гістарычнай Расіі, да якой, на яго думку, адносіцца і Беларусь, і Украіна, і нават частка Казахстана. Гэта цалкам свядомы выбар, які будзе фінансавацца гарантавана. У Беларусі будуць пастаянныя ваганні паміж Еўропай і Расіяй, але і за кошт іх у тым ліку Лукашэнка зможа атрымаць ад Расіі фактычна ўсё, што захоча. І ніякіх сур’ёзных зменаў гэтага курса з боку Масквы не прадбачыцца”.

А як жа перасцярогі, што збліжэнне з Расіяй вядзе да страты беларускага суверэнітэту?

“Я даволі скептычна стаўлюся да заяў асобных беларускіх экспертаў і палітыкаў наконт таго, што Расія мае планы анексіі Беларусі, ― кажа расійскі эксперт Дзмітрый Балкунец. ― Я проста не разумею, навошта. І калі некаторыя палітыкі ствараюць рух у абарону незалежнасці Беларусі, я не разумею, ад каго. Хто спрабуе анексаваць?"

Відавочна, што ў сітуацыі, калі пра эканамічную незалежнасць Беларусі ад Расіі казаць не даводзіцца, то і палітычная незалежнасць нашай краіны пад пытаннем. Але забраць усходні сусед можа нават тое, што ад той незалежнасці Беларусь мае сёння, папярэджвае ўкраінскі эксперт Яўген Магда.

“Тое, што ўкраінцы больш не будуць з Расіяй братамі, гэта відавочны факт. Мяркую, што і беларусы разумеюць, што ў сённяшнім канкурэнтным свеце братэрскія адносіны паміж рознымі дзяржавамі ва ўмовах, калі яны могуць быць у фармальным складзе альбо Еўразійскага саюза, альбо Саюзнай дзяржавы ― гэта, хутчэй, ілюзія, міф. На жаль, Украіна сёння за значную частку сваіх ілюзій пра тое, што можна захаваць сацыяльную стабільнасць і не ажыццяўляць сур’ёзныя рэформы, расплачваецца жыццямі сваіх грамадзян і коштам стратаў інфраструктуры і тэрыторый”.

А што чакае адносіны з Еўропай? Захад заняў пазіцыю неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі, кажа эстонскі эксперт Арні Веэдла.

“Ёсць такое меркаванне, што ўмешвацца ў справы іншай дзяржавы не вельмі хітра — ёсць там свой народ, і хай ён сам вырашае свае пытанні. Маўляў, ну, ёсць там той Лукашэнка, будзе яшчэ 40 гадоў, памрэ — будзе новая сітуацыя. Навошта нам туды лезці? Якія каштоўнасці, пра што вы кажаце! Навошта нам лішнія складанасці, навошта нам туды залазіць — народ павінен вырашыць, як яму жыць у сваёй дзяржаве. А мы будзем глядзець, як ён там правіць. Нават санкцыі знялі! Я не прагназую, што нешта добра будзе зараз у Лукашэнкі, але ж вось нечага дамогся ён і для сябе сваімі манеўрамі. Вы ж бачылі, якое стаўленне да выбараў вашых было. Так што, такое стаўленне з боку Захаду захоўваецца”.

Увогуле, усе эксперты сыходзіліся на думцы, што бліжэйшыя год-два Беларусь чакаюць даволі сур’ёзныя выпрабаванні. І ў эканоміцы, і ў знешняй палітыцы.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі