Эксперт: Жыллё ў Мінску неўзабаве будзе каштаваць па 800 долараў за метр

Эксперт: Жыллё ў Мінску неўзабаве будзе каштаваць па 800 долараў за метр

Цягам пяці месяцаў 2017 года цэны на беларускім рынку нерухомасці паволі зніжаюцца, і эксперты чакаюць, што гэта зніжэнне не спыніцца. Прынамсі, да канца бягучага года. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказвае эксперт па рынку нерухомасці, дырэктар агенцтва нерухомасці “Эксперт” Павел Астапеня.

Астапеня: “У сярэднім сёння двухпакаёвая кватэра на другасным рынку каштуе каля 50 тысяч долараў у эквіваленце. І каля тысячы долараў за квадрат ― сёння ў сярэднім кошт будаўніцтва. Які кошт новабудоўлі будзе? На мой погляд, з улікам існуючай эканамічнай сітуацыі, эканом-клас будзе недзе каля 800 долараў за квадратны метр, бізнес-клас ― недзе 950 долараў, а прэстыж-клас ― 1200 долараў за квадрат”.

Таму тым, хто хоча набыць кватэру ў новабудоўлі, госць жывога эфіру Еўрарадыё раіць пачакаць далейшага зніжэння коштаў. Але з перасцярогай: кожныя як мінімум паўгода праглядаць спецыялізаваныя сайты і раіцца са спецыялістамі па нерухомасці, каб не правароніць рост коштаў. Іншая сітуацыя з другасным жыллём. Па словах Паўла Астапені, менавіта цяпер найлепшы момант для набыцця такой кватэры.

Астапеня: “Калі кошты зніжаюцца альбо стаяць на адным узроўні ― выбар значна большы. У такія моманты прадаўцоў больш, чым пакупнікоў. І гэта адна з прычын, чаму сёння пакупнікі не чакаюць. Бо яны маюць магчымасць набыць больш ліквідныя варыянты, больш цікавыя планіроўкі, кватэры ў больш цікавым месцы”.

Сёння, па словах Астапені, кошты на квадратны метр у новабудоўлях ўжо наблізіліся да сабекошту. І калі падзенне коштаў працягнецца, то гэта будзе мець негатыўныя наступствы. Прычым, не толькі для будаўнічых кампаній, але і… для навасёлаў.

Астапеня: “Сёння вельмі шмат будаўнічых кампаній, як тых, што выступалі ў ролі забудоўшчыка, так і тых, якія аказвалі дробныя будаўнічыя паслугі, адчуваюць сябе не вельмі добра. Банкруцтва асабліва дробных будаўнічых кампаній сёння не рэдкасць: эканамічныя суды заваленыя заявамі пра банкруцтва такіх кампаній. Бо сітуацыя з коштамі негатыўна адбіваецца на іх эканамічнай бяспецы. Апроч таго, той узровень коштаў на жыллё, які сёння здольны паглынуць рынак, не можа забяспечыць жыллё еўрапейскага ўзроўню. Бо такія кошты аўтаматычна азначаюць танныя будматэрыялы і дастаткова таннае будаўніцтва ў прынцыпе”.

На просьбу неяк суцешыць тых, хто яшчэ два гады таму будаваўся па 1400 долараў за квадратны метр, а сёння такую ж кватэру мог бы пабудаваць па кошце 1000 долараў за квадрат, Павел Астапеня адказвае: “Суцяшайце сябе тым, што вы такі не адзін”.

 

Цалкам размову з Паўлам Астапенем можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі