Эксперт: Проста раздаваць грошы Кітай не будзе

120403 Prejgerman.mp3

Еўрарадыё: Увесь цывілізаваны свет спрабуе пазбягаць кітайскіх інвестыцый. Чаму ж Беларусь усё ж такі пускае кітайскі капітал на свой рынак? З-за таго, што ўсе астатнія адмаўляюцца ўкладваць у Беларусь грошы?


Яўген Прэйгерман: Я думаю, што тэзіс аб пазбяганні ўсім цывілізаваным светам кітайскіх інвестыцый напалову поўны. Гэта не зусім так. У пэўных умовах і іншыя краіны зацікаўленыя ў кітайскіх інвестыцыях. Але існуе праблема, што ўсе кітайскія крэдыты з’яўляюцца звязанымі. Калі Кітай прадастаўляе краіне грошы, то патрабуе таго, каб за гэтыя грошы набываліся менавіта кітайскія тавары. У гэтым праблема. Чаму Беларусь зацікаўленая ва ўсіх гэтых крэдытах? Ну, па-першае, у нас наогул праблемы з крэдытамі, таму трэба браць хаця б там, дзе ёсць магчымасць браць. Па-другое, я ўзгадваю словы Лукашэнкі, які сказаў, што нельга класці яйкі ў адно месца, у тым ліку, калі справа даходзіць да крэдытаў. Таму спрабуюць дабівацца дыверсіфікацыі крэдытных патокаў, і калі ёсць магчымасць іх бяруць нават з Кітая. Па-трэцяе, тут гуляе і палітычны фактар.
Я бачу, што ёсць разлік у такіх абставінах, якія склаліся – калі ў нас вельмі дрэнныя стасункі з Еўрасаюзам, калі напружаныя стасункі з Расіяй – трэба шукаць кропку апоры недзе яшчэ ў свеце. Гэта, дарэчы, стандартная стратэгія Аляксандра Лукашэнкі – шукаць партнёраў ва ўсім свеце. Кітай з’яўляецца патэнцыйным кандыдатам. Гэта вельмі моцная краіна, гэта краіна, якая можа стаць першай эканомікай у свеце, краіна з вялікім геапалітычным уплывам. І вось калі ўдасца прывабіць кітайцаў сюды, каб яны ўкладалі грошы ў кітайскі індустрыяльны парк і яшчэ ў што-небудзь – то гэта будзе магчымасць ужываць кітайскія рэсурсы, кітайскую палітычную моц, каб трохі балансаваць уплыў і ўціск, які мы адчуваем з боку Еўрасаюза і Расіі.

Еўрарадыё: З вашых слоў вынікае, што гэта збольшага палітычны выбар, а не эканамічны?


Яўген Прэйгерман: Я б сказаў, што гэта і палітычны і эканамічны. Я падкрэсліваю: у нас ёсць праблемы з фінансавымі патокамі, якія мы ўсё хочам займець у Беларусі, але яны не надта актыўна сюды ідуць. Гэта мы ўбачылі летась, калі была крызісная сітуацыя. Цяпер адбылася часовая стабілізацыя макраэканамічная, але ж назіраецца, што да канца года гэта ўсё можа ўспыхнуць зноў. Таму эканамічна мы зацікаўленыя тым, каб мець нейкія інвестыцыі – нават звязаныя, проста каб тут была магчымасць працаваць. Мы ведаем, што наш урад не заўсёды думае пра заўтрашні дзень, а звычайна жыве сённяшнім днём, і гэта таксама можа быць карысна. Але ж, я думаю, дамінуе ўсё ж такі палітычны складнік.

Еўрарадыё: А каму больш выгаднае гэтае супрацоўніцтва – Беларусі ці Кітаю?


Яўген Прэйгерман: Тут параўноўваць даволі цяжка. Што такое Беларусь для Кітая – што Кітай для Беларусі… Беларусь – гэта для кітайцаў мізэрная кропка недзе ў Еўропе. Яны рацыянальна да ўсяго падыходзяць, нават невялікія грошы, але ж лічаць (у адрозненні ад той жа Венесуэлы). Але ж казаць, што Беларусь нейкі стратэгічны партнёр для Кітая – рана. Вядома ж, ёсць жаданне, атрымаць  пляцоўку, выйсці больш маштабна на еўрапейскі кантынент, але я не думаю, што Беларусь гэта такі вялікі фактар будучага поспеху кітайскай эканомікі. Вядома, з улікам адзінай эканамічнай прасторы адчыняюцца новыя магчымасці і г. д. Для Беларусі гэта пэўны патэнцыял, але калі паглядзець на таваразварот, то ў нас вельмі адмоўнае сальда. На мінулы год у нас 10000000600 долараў адмоўнае сальда з Кітаем. Гэта, вядома ж, таксама праблема.


Еўрарадыё: Сярэдні заробак у Кітаі дасягнуў 550 долараў. За пяць гадоў ён вырас удвая. Ці бярэ Беларусь нейкія прыклады кіравання эканомікай у Кітаі?


Яўген Прэйгерман: Мы ведаем, што хтосьці ўвесь час спрабуе казаць, што трэба рабіць так, як у Кітаі. Маўляў, у іх там і сістэма аўтарытарная, і ў той жа час, эканамічны рост… Наколькі я ведаю, погляд  людзей, якія працуюць у адміністрацыі прэзідэнта, блізкія да ўлады – сур’ёзныя людзі такіх заяваў не разглядаюць. Усім відавочна, што мы не Кітай, і мы не можам ужываць кітайскія эканамічныя методыкі, каб зрабіць нейкі эканамічны прарыў.


Еўрарадыё: Ці варта беларусам баяцца кітайскай экспансіі?


Яўген Прэйгерман: Я б не раіў баяцца якой-кольвек экспансіі. Ёсць шмат краін у свеце, якія маюць адкрыты рэжым гандлю, у тым ліку, і з Кітаем. Пры нармальным выбудоўванні нацыянальнай эканомікі  гэта не вядзе да нейкіх негатыўных наступстваў. Калі ў нас усё будзе ў такім рэжыме, як сёння, калі невядома што робяць з эканомікай, не ствараюцца ўмовы, каб існаваў паўнавартнасны нацыянальны бізнэс, адбывалася мадэрнізацыя эканомікі – то сапраўды мы можам дажыць, што да нас панаедуць мільёны кітайцаў, якія не будуць патрабаваць ніякіх палітычных саступак, будуць толькі працаваць, а праз два стагоддзі могуць запатрабаваць, каб Беларусь стала новаю правінцыяй Кітая.


Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што Кітай адмовіўся інвеставаць аэрапорт Мінск 2. Чаму, як вы мяркуеце?


Яўген Прэйгерман: Кітай вельмі рацыянальна падыходзіць да ўсіх сваіх праектаў, і да сум, якія могуць падацца не такімі вялікімі ў маштабе самога Кітая. Мы ведаем, што шмат дамоўленасцяў, якія былі раней (летась і прэзідэнт і прэм’ер казалі, што была выдзеленая крэдытная лінія на 10 мільярдаў долараў) – яны не былі рэалізаваныя. То бок, Беларусь не змагла забяспечыць адпаведныя праекты і не змагла даказаць, што яна будзе рэалізоўваць гэтыя праекты. Тое ж і з аэрапортам. Калі гэта не адбываецца, то праект не задаволіў кітайскі бок. Раздаваць грошы, як таталітарныя краіны Лацінскай Амерыкі (тая ж Венесуэла) Кітай не будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі