Эксперт: Nord Stream не паўплывае на транзіт газу праз Беларусь

Еўрарадыё: “Газпрам” пачынае запаўняць газаправод “Паўночны паток” тэхнічным газам. Праз месяц ён будзе гатовы да пастаўкі газу еўрапейскім спажыўцам. Наколькі гэта адаб'ецца на транзіце расійскага газу праз Беларусь?
110906 KrucihinS_0.mp3
Круціхін: "Думаю, транзіт расійскага газу праз Беларусь не скароціцца. Галоўным пацярпелым бокам тут будзе выступаць Украіна, у якой з “Газпрамам” цяпер намеціліся сур'ёзныя спрэчкі. А беларускі маршрут будзе працаваць на ранейшую магутнасць. Рэч у тым, што еўрапейскія кліенты разлічваюць на кантракты, якія прывязаныя да старых маршрутаў, і каб перанесці кантракты на “Паўночны паток”, неабходная спецыяльная дамоўленасць з гэтымі кліентамі. Пакуль у “Паўночны паток” нават на першай яго нітцы закантрактавана прыкладна палова аб'ёма газу, і “Газпраму” трэба знайсці кліентаў, якія будуць згодныя на такое пераключэнне. На беларускім і польскім накірунках транзіту такіх кліентаў пакуль няма. Яны шукаюць іх на ўкраінскім накірунку.

Еўрарадыё: У перспектыве, калі б узнік газавы канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй, што мы неаднаразова назіралі, ці магчыма тады выкарыстанне “Паўночнага патоку” як аварыйнай альтэрнатывы? Ці можа ён выкарыстоўвацца Расіяй як аргумент у перамовах з Беларуссю?

Круціхін: "Тэарэтычна гэта, вядома, магчыма. Але калі мы паглядзім на аб’ёмы, то газ па “Паўночным патоку” задавальняе толькі патрэбы Нямеччыны, збольшага Нідэрландаў і, магчыма, калі другая нітка будзе пушчаная, па адным мільярдзе кубаметраў пусцяць на Данію і на Францыю, а астатняе будзе проста незапатрабаваным газам у “Паўночным патоку”.

Еўрарадыё: Гэта, у прынцыпе, тлумачыць, чаму Расія так хоча купіць “Белтрансгаз”?

Круціхін: "Так. Я думаю, што “Белтрансгаз” разам з астатнімі газатранспартнымі магутнасцямі ў Беларусі вельмі важны для “Газпрама”, асабліва ў святле таго, што з Украінай не атрымліваецца".

Еўрарадыё: Некаторыя эксперты кажуць, што тыя саступкі, на якія пайшла Расія ў газавым пытанні для Беларусі, — гэта дэманстрацыя Украіне. Ці згодныя вы з гэтым меркаваннем?

Круціхін: "Падазрэнні на гэты конт ёсць. Але я бачу дамоўленасць больш простую ў межах Мытнага саюза і ў межах інтэграцыйных працэсаў паміж Расіяй і Беларуссю. У бліжэйшай перспектыве цэны на газ на беларускай тэрыторыі будуць блізкія да цэн на газ Смаленскай вобласці. Іншая рэч, што тарыфы на газ унутры Расіі таксама будуць паступова павышацца — будзе павышацца і цана для Беларусі".

Еўрарадыё: Фактычна, Расія не так шмат губляе на гэтым патэнцыйным паніжэнні цэн?

Круціхін: "Думаю, што няшмат. Тым больш, што добрасуседскія адносіны каштуюць вельмі многага. Спрэчка гаспадарчых суб'ектаў ва Украіне прыняла палітычныя формы і вельмі негатыўна ўплывае на палітычныя стасункі Украіны і Расіі. У Беларусі ёсць спадзяванне, што гэтыя пытанні ўплываць на палітычныя адносіны не будуць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі