Вы тут

Эксперт: частыя адключэнні БелАЭС могуць прывесці да сур'ёзных аварый у будучыні

Мінэнерга: "Радыяцыйная абстаноўка на АЭС не мянялася" / Еўрарадыё

Колькасць адключэнняў першага энергаблока БелАЭС ужо набліжаецца да дзесяці. 12 ліпеня ён быў "адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генератара", гэта значыць незапланавана — пры тым, што прайшла стадыя доследнай эксплуатацыі і станцыя ўключана ў энергасістэму.

Афіцыйны тг-канал Мінэнерга паведаміў, што "...прычыны адключэння электрагенератара вызначаюцца, радыяцыйная абстаноўка на АЭС і ў зоне назірання не мянялася". І на гэтым усё: прайшло некалькі дзён, а беларусам так і не паведамілі, чаму адключыўся энергаблок. Дык што ж там адбываецца? Еўрарадыё запыталася ў экспертаў.

Напэўна, з рэактарам усё добра

— Гэта мяжа штатнай і няштатнай сітуацыі. Што такое штатная сітуацыя? Гэта калі АЭС падае электраэнергію або станцыя запланавана адключаецца для нейкіх работ: рамонту, перагрузкі паліва і гэтак далей. Калі спрацоўвае аўтаматыка — нельга сказаць, што гэта нейкае парушэнне, гэта частка жыццёвага цыкла атамнай станцыі. Я схільны верыць афіцыйнаму паведамленню, што ў іх збоіць не рэактарная частка, а электрычная, генератар, — расказвае Еўрарадыё эксперт па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі. — Падобныя праблемы былі ў першай у свеце станцыі такога тыпу — Новаваронежскай АЭС. Калі яе ўводзілі ў эксплуатацыю, праз кароткае замыканне згарэў стартар генератара. Якасць абсталявання "Расатама" — мы пра гэта папярэджвалі — досыць нізкая.

Тое, што цяпер БелАЭС непрацаздольная, напэўна, не нясе прамой пагрозы радыяцыйнага забруджвання, таму што, мяркуючы па ўсім, рэактар быў заглушаны штатна. Але гэта кажа пра тое, што гэтая станцыя ўвогуле "другога гатунку". Яна будавалася для таго, каб працаваць у базавым рэжыме, не адключацца самаадвольна, і гэтую функцыю яна цяпер не выконвае.

Як адаб'ецца на БелАЭС частае ўключэнне і адключэнне энергаблока?

Фізік Андрэй Ажароўскі / фэйсбук

— Гэта стрэс для рэактара. Бо гэта звязана з вялізнымі нагрузкамі, якія ўзнікаюць пры награванні вялізнага 300-тоннага корпуса рэактара да рабочых тэмператур, а яны дасягаюць трохсот градусаў па Цэльсію, — адказвае на пытанне Андрэй Ажароўскі. — Метал корпуса рэактара разлічаны на пэўную колькасць расхалоджванняў і ўключэнняў. Лішняе ўключэнне і адключэнне прыводзіць да паскоранага зносу. Магчыма, у далейшым павялічаная колькасць пазапланавых спыненняў адаб'ецца на якасці металу, і гэта можа прывесці да сур'ёзных аварый. Аварыя з разбурэннем корпуса рэактара — адна з самых сур'ёзных у атамнай энергетыцы.

— Сапраўды, ёсць пэўныя абмежаванні па колькасці спрацоўванняў аварыйнай абароны. Але яны вельмі вялікія, і таму неяк адбіцца гэта можа прыкладна пасля 60 гадоў эксплуатацыі, — расказвае галоўны рэдактар інфармацыйна-аналітычнага сайта AtomInfo.Ru Аляксандр Увараў. — Рэч у тым, што першых пару гадоў вылоўліваюцца ўсе прыработачныя адмовы, якія ўзнікаюць пры зборцы. Мабыць, дзесьці такая адмова і праскочыла. Нічога ў гэтым дзіўнага няма. Калі б не было палітычных рэчаў, ніхто б не звярнуў на БелАЭС увагі. На ўсякім новым энергаблоку ў першыя гады працы адбываюцца такія спыненні. Прычыны могуць быць самыя розныя. Тэарэтычна і спякота магла ўнесці свой уклад.

Спякота і эканамічная шкода

АЭС "Барака", ААЭ / atomic-energy.ru

З 2020 года атамная станцыя працуе ў ААЭ, а там будзе жарчэй, чым у Беларусі. Няўжо складнікі АЭС могуць выходзіць са строю праз анамальныя — для Беларусі — тэмпературы?

— Наогул усё абсталяванне для сучасных атамных станцый распрацоўваецца з улікам такіх тэмператур, і нават больш. На атамных станцыях стаіць надзейнае абсталяванне, абароненае ад самага шырокага спектра прыродных, тэхнагенных і чалавечых фактараў. Хоць у некаторых крыніц генерацыі пры такім анамальным надвор'і могуць быць праблемы, — каментуе Еўрарадыё галоўны рэдактар партала "Атомная энергия 2.0" Павел Якаўлеў. — Буйныя атамныя блокі могуць спакойна працягваць эксплуатацыю ў такіх умовах. Тут галоўнае пытанне — эканамічнае.

Павел Якаўлеў / atomic-energy.ru

— Так, гэтая сітуацыя хутчэй прыводзіць да эканамічнай шкоды. Атамная станцыя на цяперашні момант непрацаздольная, адпаведна, яна не прыносіць ніякага прадукту. А аддаваць велізарны крэдыт, узяты дзеля будаўніцтва атамнай станцыі, усё ж давядзецца. 1200 МВт·гадз памнажайце на 24 гадзіны, атрымаеце 28 800 МВт·гадз недаатрымана за кожны дзень прастою, — тлумачыць Андрэй Ажароўскі. — Гаварыць пра тое, што ўключэнне і выключэнне атамнай станцыі кожны тыдзень — гэта нармальна, можа толькі чалавек, блізкі да "Расатама". Бо атамшчыкі абяцалі, што станцыя будзе надзейна працаваць і спыняцца толькі па плане, на планавыя папераджальныя рамонты кожныя 18 месяцаў. Цяпер мы бачым, што не прайшло 18 месяцаў, а станцыя, знаходзячыся ўжо не ў працэсе доследна-прамысловай, а ў рэальнай прамысловай эксплуатацыі, працягвае пастаянна адключацца.

— Пару дзён прастою — гэта зусім не тэрмін, — лічыць галоўны рэдактар AtomInfo.Ru Аляксандр Увараў. — Напрыклад, кітайскі апарат з амерыканскім рэактарам прастаяў прыкладна паўгода, там зламалася помпа. Вядома, хацелася б, каб гэтага не было. Але калі ўжо здарылася, то нічога страшнага ў гэтым няма.

Гомель пацярпеў праз БелАЭС?

І тут БелАЭС вінаватая? / Еўрарадыё

13 ліпеня ў Гомелі адключылася пяць кабельных ліній, часткова было парушана электразабеспячэнне цэнтральнай часткі горада. Эксперт звязвае гэта здарэнне з прастоем БелАЭС.

— Атамная станцыя дае каля 20 адсоткаў электраэнергіі краіны. І аднамомантавае рэзкае незапланаванае выпаданне такой велізарнай долі можа прыводзіць да аварый на энергасетках. У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што кабелі ў Гомелі перагрэліся праз спякоту. Мне гэта здаецца малаімаверным, хоць і магчыма, — кажа Ажароўскі. — І вельмі падазрона тое, што Мінэнерга не назвала прыкладна крайнія тэрміны заканчэння незапланаванага прастою. Ці мяркуецца рамонт і замена якога-небудзь абсталявання або не — мы не ведаем.

Гнятлівае маўчанне

Від на БелАЭС / Еўрарадыё

Калі ўсё не так страшна, то чаму Мінэнерга абмяжоўваецца скупымі каментарамі для грамадскасці?

— Улады Беларусі не лічаць грамадзянскую супольнасць сур'ёзным партнёрам, таксама як і ў Расіі атамшчыкі лічаць сябе вышэй за грамадства, таму яны не лічаць патрэбным інфармаваць пра нейкія дэталі, — адказвае інжынер Ажароўскі. — З іншага боку, ніякай катастрофы нібыта не адбылося. Таму можа быць дастаткова і той інфармацыі, якую яны далі. Трэба пачакаць, калі БелАЭС зноў запусцяць. Тады і будзем абмяркоўваць, што адбылося.

Беларускія ўлады самі палітызавалі пытанне атамнай станцыі, паставіўшы яе побач з Вільняй. Таму не варта здзіўляцца, што падвышаная ўвага надаецца менавіта гэтай атамнай станцыі. Паверце, калі іншыя рэактары аварыйна адключаюцца, гэтаму таксама надаецца ўвага, дзе б гэта ні адбывалася — у Расіі, у Бельгіі, у Францыі ці ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.