Эксперт: Час задумацца над праўдзівым зместам 8-га сакавіка

120307 Salamacina_site.mp3

Еўрарадыё: Як, на вашу думку, так стала, што са свята барацьбы жанчын за свае правы 8 сакавіка ператварылася ў гімн патрыярхальнага мыслення, ператварылася ў свята мацярынства і прыгажосці?


Ірына Саламаціна: Вы вельмі цікава паставілі пытанне. Я распавяду пра пэўнае здарэнне. Мая знаёмая, якая працуе ў часопісе “Мастацтва” выслала мне артыкул кандыдата гістарычных навук. Артыкул гэты называўся “Свята Восьмага сакавіка на плакатах і паштоўках. Эвалюцыя жаночага вобразу”. Дык вось тая мая прыяцелька даслала мне гэты тэкст і папрасіла напісаць нешта накшталт post scriptum да яго. З гістарычнага пункту погляду, гэта было даволі цікавае даследаванне, а з другога боку тэкст канстатаваў, што ў залежнасці ад нейкага гістарычнага перыяду мяняўся вобраз жанчыны. Я не мела часу, хуценька прагледзела той тэкст, але калі я дайшла да апошняга абзаца!.. Гісторык зрабіла цікавае даследаванне, зрабіла архівацыю тых вобразаў… І раптам яна робіць такую выснову: эвалюцыя свята ад радыкальнага да традыцыяналісцкага абумоўленая пэўнымі жыццёвымі акалічнасцямі, і выдатна, што яно застаецца такім гнуткім, жанчыны гэтак цешацца ім, яно такое цікавае і прыгожае, і яшчэ будзе існаваць сто год. Вы ведаеце, калі я гэта прачытала, я вядома ж села, хуценька зрабіла такое пасляслоўе, бо я прынцыпова не згодная з такой пазіцыяй. Трэба сапраўды зразумець, што гэта не зусім так.

Сапраўды, на Захадзе недзе з 70-ых гадоў пачынаецца другая хваля фемінізму, а ў нас свята гэтае нівеліруецца. Са свята барацьбы жанчын-прафесіяналак яно робіцца святам для ўсіх жанчын. Іх віншуюць незалежна ад іх прафесійнай дзейнасці. Але на Захаце адбываюцца зусім іншыя працэсы. Калі мы зірнем у гісторыю, то ўбачым, што ў 77-ым годзе асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, і краінам, што ратыфікавалі розныя дакументы аб пазбяганні дыскрымінацыі жанчын, рэкамендавалі адзначаць Восьмага сакавіка як міжнародны дзень правоў жанчын. Гэта аж дагэтуль робяць у гэты дзень на ўсім свеце. Гэта такі дзень, калі падводзяцца вынікі. З аднаго боку, кажуць пра пазітыўныя рэчы, а з другога – усё адно робяць бачнай прысутнасць дыскрымінацыі. Жанчыны дагэтуль уціскаюцца ў сваіх правах. Мне вельмі шкада канстатаваць, што ў Беларусі не звяртаюць увагі на тое, што гэты дзень мае свой палітычны складнік, што гэта дзень барацьбы жанчын за свае правы. На маю думку, пара пачынаць у Беларусі кампанію пад умоўнаю назваю “Як можна вярнуць страчаны сэнс Восьмаму сакавіка”. Нават калі мы паглядзім, як у Беларусі віншуюць жанчын з Восьмым сакавіка, то ўбачым, што ў гэты дзень часта ўжываюць эпітэты “любая”, “каханая”, “цудоўная”, “прыгожая”…

Справа ў тым, што можна гэтыя словы сказаць сваёй жонцы, дачцэ, але ў кантэксце прафесійнай рэалізацыі жанчыны не вядома, чаму трэба ўжываць адносна яе такія эпітэты. Калі мы віншуем мужчыну з 23-ім лютага або з нейкім прафесійным святам, мы ж не віншуем яго, кажучы: “Любы, якія ты маеш пекныя вочы, ты такі адмысловец…” Праўда? На маю думку, тут трэба мець больш уразлівасці. Трэба звяртаць увагу не на тое, што жанчыны ў нас – бабулі, маткі і дочкі ці на нейкія рысы вонкавай прыгажосці або пачуццёвых асаблівасцей жанчыны. У гэты дзень галоўнае – паказаць, якое значэнне ў эканамічным плане, у прафесійным плане менавіта жанчыны маюць для краіны. На маю думку, нашмат больш змястоўна звяртацца да жанчыны ў гэты дзень як да грамадзянкі і падкрэсліваць, што без працы гэтых жанчын нічога б у краіне не дзейнічала.


Еўрарадыё: Ці верыце вы, што ў Беларусі гэта сапраўды магчыма? У мяне такое ўражанне, што спробы жанчын заявіць пра свае правы сустракаюць у нас грэбліва. Маўляў, феміністкі – вы ўсіх мужыкоў выбілі б. Ці верыце вы, што гэта можна змяніць?


Ірына Саламаціна: Я веру. Мы можам казаць, што ў нас ёсць роўнасць правоў, але праблема ў тым, што ў нас няма роўнасці магчымасцяў. Калі кожная жанчына, якая мае нешта сказаць у грамадскай прасторы будзе абапірацца на статыстыку і аргументаваць сваю пазіцыю (а статыстыка – рэч дакладная), калі мы зможам прадэманстраваць дыскрымінацыю ў Беларусі, то такім чынам мы разбавім гамагенны мужчынскі дыскурс адносна таго, што ў нас жанчыны ўсё маюць –  што ім яшчэ не даспадобы… На маю думку, трэба падкрэсліваць гэтую няроўнасць магчымасцяў. Гэта лёгка зрабіць. Калі, напрыклад, начальнік мужчына вінаваціць сваю працаўніцу жанчыну: “Харашуня мая, як добра, што ты гэтак добра працуеш” – можна яму вельмі спакойна сказаць: “Вы ведаеце, давайце паспрабуем ацаніць мае прафесійныя здольнасці. Не трэба так да мяне звяртацца. Вы не менш прыгожы за мяне…” Здаецца, што гэта зусім малы нязначны момант…

З іншага боку, калі мы цяпер пачнём змагацца з гэтым усім гамагенным мужчынскім уяўленнем, я уяўляю, што 8-га сакавіка будзе. Заўтра пачнецца татальнае вызнаванне любові, кахання… Я праглядала стужку навінаў і бачыла артыкулы, дзе можна купіць таннейшыя кветкі, каб не замнога выдаткаваць грошай. Гэта такая ідэя: трэба, зразумела, падарыць жанчыне кветкі, сказаць ёй, што яна вельмі прыгожая… Але мінае Восьмага сакавіка і працягваюцца тыя ж жаночыя праблемы. Жанчыны таксама мусяць адчуваць гэты дзень, не забывацца, што гэты дзень – дзень правоў жанчыны і ён не згубіў свайго палітычнага складніка. Мы павінны ўгледзець, у якіх сітуацыях нас дыскрымінуюць і змагацца з дыскрымінацыяй.


Еўрарадыё: У Беларусі таксама амаль ганьба – атрымаць ярлык феміністкі. Калі абстрагавацца ад стэрэатыпу, што гэта жанчына, якая ненавідзіць мужчын, не мае поспеху ў асабістым жыцці і г. д. – як выглядае сучасная феміністка?


Ірына Саламаціна: Я згодная, што ў Беларусі ёсць такі негатыў, як і на ўсёй постсавецкай прасторы, і фемінізм успрымаецца як такі благі ярлык… Гэтае паняцце дыскрэдытаванае яшчэ за савецкім часам. З іншага боку, калі мы будзем разумець фемінізм, як пазіцыю актыўнай жанчыны, жанчыны, якая хоча змяніць свет да лепшага, хоча ўплываць на жыццё краіны, на палітычныя працэсы, хоча ўплываць не абстрактна… Можа, яе успрымаюць як белую варону ў грамадстве, але, з іншага боку, гэтыя жанчыны – яны і робяць бачнай наяўнасць гэтай дыскрымінацыі, яны спрабуюць пра яе казаць, спрабуюць яе аргументаваць і спрабуюць яе ўразумець. Такім чынам яны змагаюцца са стэрэатыпамі, якія ёсць у грамадстве. Жыццё цяпер змяняецца вельмі хутка, мы ўсе жывем цяпер у традыцыяналісцкім патрыярхальным грамадстве, і часта гэтыя стэрэатыпы не дазваляюць нам прасоўвацца наперад. Таму, на маю думку, гэтыя жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – яны якраз расхістваюць гэтыя стэрэатыпы. Яны паказваюць, што сёння можна рабіць кар’еру і мець сям’ю, што сёння можна нараджаць і пасля дваццаці пяці гадоў – гэта не так страшна, узровень нараджэння дзяцей не такі, як быў раней. Раней лічылі, што калі ты да дваццаці пяці год не народзіш, то ты не станеш маці. На маю думку, за такімі жанчынамі будучыня. Я толькі хачу пазычыць, каб такіх жанчын стала больш.


Еўрарадыё: Часам жанчыны ў нас робяць цалкам паспяховыя кар’еры, даходзяць нават да кіраўніц Нацыянальнага банка. Але яны робяць гэта, у пэўным сэнсе, паводле мужчынскіх правіл, і мы не чуем ад іх словаў пра правы жанчын, а часам, зусім адваротныя словы, як ад той жа Лідзіі Ярмошынай.


Ірына Саламаціна: Я часткова з вамі згодная. Учора я глядзела перадачу па БТ, у якой удзельнічала, у тым ліку, і Лідзія Ярмошына. Калі вы ўважліва паглядзіце гэтую перадачу, то вы ўбачыце, што гэтая жанчына, якая займае даволі высокую пасаду – у яе вельмі няўстойлівае становішча. З аднаго боку, жанчына працуе у жорсткай іерархізаванай сістэме – яна не можа дазволіць сабе быць лідарам погляду, яна не можа трансфармаваць гэтую сістэму. З іншага боку – я ўчора звярнула ўвагу, што Лідзія Ярмошына агучыла прэтэнзію да нашага тэлебачання. Яна сказала, што на БТ адсутнічаюць праграмы, у якіх бы паказвалася мадэль адносін мужчыны-бацькі і дзіцяці. Яна запыталася, чаму амерыканскае тэлебачанне ўвесь час паказвае мужчыну ў ролі бацькі, інстытут бацькоўства развіваецца, чаму на БТ няма такіх перадач? Дарма, што там была прадстаўніца Нацыянальнай рады па гендэрнай роўнасці Бурава – яна, як жанчына прагрэсіўная, якая ведае гісторыю фемінізму, гэтага не агучыла. Мы гэта пачулі ад Лідзіі Ярмошынай. Да таго ж, яна сказала яшчэ адну цікавую рэч, то ёсць мяжа жаночага даравання: немагчыма цярпець гвалтаўніка дома, немагчыма цярпець алкаголіка дома. Такім чынам яна сказала: “Жанчыны, не цярпіце каля сябе гвалтаўнікоў і алкаголікаў!” А калі мы паглядзім статыстыку, то мы схопімся за галаву. Выходзіць, што Лідзія Ярмошына заклікала адмовіцца ад такога роду мужчын. Хоць на пачатку перадачы яна падкрэсліла, што культ сям’і павінен быць. Гэта ўсё паказвае, што жанчына, якая займае высокую пасаду – яна таксама нейкім чынам рэфлексуе, рэагуе на жыццё, якое хутка мяняецца, і на тое, што назірае вакол сябе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі