Экранізацыю “Прынца Персіі” здыме рэжысёр Потэра

Рэжысёрам экранізацыі папулярнай камп'ютарнай гульні “Прынц Персіі” выступіць Майкл Ньюэл. Прэм'ера фільма, які атрымаў назву “Прынц Персіі: Пяскі часу”, адбудзецца 10 ліпеня 2009 года. Раней меркавалася, што рэжысёрам стане Майкл Бэй, які зняў фільмы “Армагедон”, “Пэрл Харбар” і “Трансформераў”. Аднак кінакампанія Walt Disney Pictures даручыла гэтую працу Майклу Ньюэлу.

Дадам, што Майк Ньюэл зняў такія фільмы, як “Гары Потэр і Келіх агню” і “Чатыры вяселлі і адно пахаванне”. А зараз у кінатэатрах Злучаных Штатаў ідзе пракат экранізацыі рамана Габрыэля Гарсія Маркеса “Каханне падчас халеры”, апошняй карціны Ньюэла.

Сцэнар да фільма “Прынц Персіі: Пяскі часу” напісалі Джэфры Начманоф, аўтар сцэнара да фільма-катастрофы “Паслязаўтра”, і заснавальнік серыі гульняў “Прынц Персіі” Джордан Мехнер.

Нагадаю, што гульня Prince of Persia з'явілася ў 1989 годзе на камп'ютарах Apple. Геймерам неабходна было за гадзіну прайсці некалькі ўзроўняў, якія складаюцца з асобных пакояў, напоўненых пасткамі і ворагамі.

Прынц быў узброены толькі мячом; у канцы гульні яго чакала бойка з галоўным ліхадзеем султанам. Пазней гульня была партаваная на шматлікія іншыя платформы. Акрамя таго, у Прынца Персіі з'явіліся сіквелы, прычым шмат якія з іх былі трохмернымі.

Фота: articulo.mercadolibre.com.ve

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі