ЕГУ абвясціў пра будучую адстаўку рэктара Дэвіда Поліка

ЕГУ абвясціў пра будучую адстаўку рэктара Дэвіда Поліка

Прафесар Дэвід Полік пакіне пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Пра гэта абвясціла выканаўца абавязкаў кіруючага савета ўніверсітэта Эн Лонсдэйл. Як паведамляе прэс-служба ЕГУ, Полік завяршыць сваю працу ў канцы лета. У паведамленні адзначаецца, што ў лістападзе 2015 года прафесар пацвердзіў свой намер завяршыць свой двухгадовы тэрмін знаходжання на пасадзе рэктара ўвесну 2016 года.

Аднак па просьбе выканаўчага камітэта кіруючага савета Полік “ласкава пагадзіўся працягнуць тэрмін да канца навучальнага года, каб завяршыць працэс стратэгічнага планавання і распрацоўкі новага блока агульнаўніверсітэцкага блока курсаў, а таксама даць магчымасць ажыццяўлення прафесійнага міжнароднага пошуку новага рэктара”.

Эн Лонсдэйл заявіла наступнае: “Для нас — кіраўнічай рады — заўсёды было відавочна, што прафесар Полік меў намер працаваць тут толькі два гады. Я таксама вельмі ўдзячная за тое, што ён пагадзіўся застацца на больш доўгі тэрмін, пакуль не пачне працу новы рэктар. Мы ўсклалі на яго цяжкія абавязкі: стварэнне і ўвасабленне стратэгічнага плана, поруч са значным скарачэннем універсітэта ў адказ на зніжэнне колькасці студэнтаў у рэгіёне і неабходнасцю падвысіць эфектыўнасць выдаткаў. Гэта надзвычай складаная кіраўнічая задача, але дзякуючы яго бліскучаму акадэмічнаму кіраванню і актыўнай падтрымцы з боку калег па ЕГУ яна набліжаецца да завяршэння і будзе завершаная да яго сыходу ўлетку 2016 года. Мы неверагодна ўдзячныя Дэвіду за яго нястомную працу на карысць універсітэта. Мы жадаем яму ўсяго самага найлепшага ў яго новых пачынаннях”.

Прафесар Дэвід Полік упершыню з'явіўся ў ЕГУ ў сакавіку 2014 года ў якасці кансультанта, а пазней стаў кандыдатам на вакантную пасаду рэктара, пасля таго як акадэмік Анатоль Міхайлаў быў прызначаны прэзідэнтам універсітэта ў 2014 годзе.

Нядаўна стала вядома, што скандынаўскія краіны спыняюць фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Такое рашэнне прыняў Паўночны савет — савет міністраў замежных спраў краін Скандынавіі і Балтыі.

Як гаворыцца ў тлумачэнні, гэта адбываецца ў сувязі з рэструктурызацыяй бюджэту з мэтай вызваліць сродкі для працы па інтэграцыі бежанцаў і мігрантаў. Падкрэсліваецца, што рашэнне асноўваецца на выніках працэсу, у якім прадметам абмеркавання былі роля і стратэгія ўніверсітэта.

Паводле публікацыяў у СМІ, гэта можа быць таксама звязана з шэрагам скандалаў унутры ЕГУ. Нядаўна Паўночная рада замаўляла аўдыт фінансавай дзейнасці універсітэта, які выявіў магчымыя злоўжыванні з боку цяперашняй адміністрацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі