Вы тут

"Дзяцей у школу не адпраўляць": клас мінскай СШ №38 ізаляваны па дамах

Першы званок у мінскай СШ №38 / sch38.minsk.edu.by​

Адзін з класаў мінскай школы №38 адпраўлены на самаізаляцыю. "Паважаныя бацькі. Клас на ізаляцыі. Дзяцей у школу не адпраўляць. Мяне таксама не будзе. Усім здароўя. Беражыце сябе", — напісала класны кіраўнік у бацькоўскім чаце ў "Вайберы".

Без важкіх прычын у Беларусі, дзе каранавірус — не падстава для таго, каб пераводзіць навучэнцаў на дыстанцыйнае навучанне або пераносіць цэнтралізаванае тэставанне, школьнікаў на самаізаляцыю адпраўляць не будуць. Каб разабрацца ў сітуацыі, мы датэлефанаваліся да дырэктара 38-й школы. Аднак ён размаўляць з намі не захацеў і адправіў ва ўпраўленне адукацыі. 

— Я маю колькасную інфармацыю. На сённяшні дзень у Фрунзенскім раёне па хваробе адсутнічае 1,3% дзяцей. А ваша пытанне не ў маёй кампетэнцыі. І што некаторыя класы на самаізаляцыі, мне таксама невядома, — адказала Еўрарадыё начальнік упраўлення па адукацыі Фрунзенскага раёна Ірына Чарняўская.

Інфармацыю на ўмовах ананімнасці ўдалося атрымаць у аднаго з супрацоўнікаў школы. "Ёсць клас на ізаляцыі, і не адзін. Гэта звязана з хваробай педагога. Тэст на каранавірус у яго станоўчы. Некалькі настаўнікаў ізаляваныя", — расказаў ён.

Першапачаткова станоўчым аказаўся тэст на COVID-19 у аднаго з педагогаў. Гэты настаўнік праводзіў заняткі ў розных кабінетах, кантактаваў з дзецьмі і іншымі настаўнікамі. Усе, хто з ім меў зносіны, — магчымыя кантакты першага ўзроўню. Як расказала наша крыніца, у гэтай сітуацыі адміністрацыя школы распарадзілася, каб некаторыя настаўнікі не выходзілі на працу, бо яны могуць быць інфікаванымі.

Па словах крыніцы, на ўрокі ходзяць па 3-5 вучняў з класа, часам гэтая лічба даходзіць да 12. На хатняй ізаляцыі цяпер знаходзяцца 5 педагогаў. Усе яны будуць чакаць вынікаў тэстаў, якія ім павінныя зрабіць сёння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.