Дзень пісьменства каштуе як выданне твораў усіх Народных пісьменнікаў

Каб падрыхтаваць Шклоў да Дня беларускага пісьменства 2 верасня, дзяржава выдаткавала 15 млрд рублёў. За такія ж грошы тыдзень таму яна прадала завод “Мотавела”. Еўрарадыё вырашыла ўявіць, колькі кніг можна было б надрукаваць за “святочныя” грошы. Саюз беларускіх пісьменнікаў рыхтуе цяпер да выдання поўны збор твораў Васіля Быкава – пятнаццаць тамоў. Колькі гэта каштуе, Еўрарадыё запыталася ў старшыні Саюза пісьменнікаў Алеся Пашкевіча.

Алесь Пашкевіч: “150 тысяч долараў – гэта з друкам, з падаткамі, з укладаннем, з наборам, з вёрсткай, з дастаўкай. Пятнаццаць тамоў. Адзін том – ад 10 да 12 тысяч долараў, гэта з усімі затратамі. Той сумы, якую вы агучылі, хопіць, на маю думку, на выданне поўных збораў твораў усіх народных пісьменнікаў Беларусі, дагэтуль не выдадзеных. Гэта пачынаючы ад Якуба Коласа”.

Наклад выдання – 3 000 асобнікаў. Калі б “святочныя” грошы пайшлі на збор твораў, ён мог бы мець наклад 138 000.

Сем гадоў таму ў Шклове былі “Дажынкі”, і тады горад ужо рамантавалі. Пасля гэтага яго сталі называць “беларускай Швейцарыяй”. Цяпер гэта робяць ізноў – за 15 мільярдаў. Спадар Алесь распавядае, што бачыў арганізацыю святаў пісьменства на свае вочы.

Алесь Пашкевіч: “Я некалькі разоў, яшчэ зусім маладым, прымаў удзел у святах пісьменства. Не заўсёды бюджэтныя дзяржаўныя сродкі па прызначэнні трацяцца. Галоўнымі на гэтых святах застаюцца не творцы, а чыноўнікі, якім там і салодкі стол, і “моцны” стол. Я думаю, большасць грошай пойдзе на добраўпарадкаванне гораду Шклова. Рыа-дэ-Жанэйра будзе”.

Ці мае гэты рамонт сэнс, застаецца незразумелым, бо горад можна рамантаваць не толькі на святы, тым больш – пісьменства.

Яшчэ адно незразумелае пытанне – выбар самаго гораду. Фестываль беларускага пісьменства традыцыйна праводзяць у гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадруку, з багатай гістарычнай спадчынай, з якой звязанае жыццё рэлігійных дзеячаў Беларусі розных часоў. Сталіцамі гэтага свята былі Полацк, Тураў, Наваградак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мір, Камянец і іншыя. Можа, Шклоў наблізіцца да гэтых мясцін трыма новымі вуліцамі, якія там адкрыюць – Духоўнасці, Адукацыі і Культуры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі