"Дзе грошы? За канапай": вострыя пытанні Ціханоўскай на "адкрытай размове"

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

На "адкрытай размове з беларусамі", якая адбылася 23 снежня, Святлана Ціханоўская і яе каманда адказалі на няпростыя, а часам і правакацыйныя пытанні ад аўдыторыі. Адно з іх — пра будучы рэферэндум па зменах у Канстытуцыю. Галасаваць або ігнараваць?

— Зразумела, што рэферэндум нелегітымны. Зразумела, што ён не мае ніякага значэння, — адказвае Святлана Ціханоўская. — Але гэты момант мы павінны выкарыстоўваць, каб яшчэ раз сказаць Лукашэнку "не". Прыйсці і выкрасліць усе прапанаваныя варыянты. Гэта трэба рабіць нават не для таго, каб "аркушык у скрыню апусціць". Мы разумеем, што ніхто нічога чытаць не будзе. Гэта трэба для таго, каб людзі ўбачылі адно аднаго. Праз той жах, які адбываецца ў Беларусі, людзі страцілі пачуццё пляча.

Яшчэ адно пытанне "ў лоб": як зрабіць, каб 30 мільёнаў еўра, выдзеленых ЕС на дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, па максімуме дайшлі да беларусаў? Маўляў, дзе грошы, Святлана? Ці не згубяцца?

— На пытанне "дзе грошы?" так і хочацца сказаць "за канапай", — жартуе Святлана Ціханоўская. — На самай справе грошы, якія вылучаюцца, не даюцца камусьці "на рукі". Яны накіроўваюцца ў фонды, а ініцыятывы падаюць праекты, якія гэтыя фонды могуць падтрымаць. Гэта медыя, дапамога палітвязням, культурныя мерапрыемствы і гэтак далей. Ніхто іх кантраляваць, прынамсі з нашага боку, не можа. Гэта ўсё робіцца Еўрасаюзам.

Якім чынам гэтая фінансавая дапамога дойдзе да беларусаў у Беларусі?

— Мы выдатна разумеем, што ўсе арганізацыі, якія нейкім чынам маглі быць праваднікамі Еўропы для беларусаў, знішчаныя ў краіне, — кажа Святлана. — Гэта вельмі вялікая праблема. Але ёсць механізмы, якія агучваць я не буду з меркаванняў бяспекі. Структуры, якія працуюць з фондамі, гэтае пытанне вырашаюць.

“Где деньги? За диваном”: острые вопросы Тихановской на “открытом разговоре”
На "адкрытай размове" (злева направа): Франак Вячорка, Аляксандра Логвінава, Святлана Ціханоўская, Валерый Кавалеўскі / скрыншот ютуб-трансляцыі

Што чакае беларусаў пасля перамогі дэмсіл? "Эксперты ведаюць, што рабіць, але асабіста мяне ніхто не пытаўся, што я хачу бачыць [у новай Беларусі. — Еўрарадыё]. Каб не абраць Лукашэнку 2.0, які будзе вырашаць, каму што саджаць і як вучыць у школе, — як у гэтым выпадку пытацца беларусаў?" — гучыць вострае пытанне з залы.

— Ёсць вельмі просты крок — далучайцеся да структур, якія прадстаўляюць ваш спецыяльны і прафесійны профіль, — адказвае кіраўніца аддзела па знешніх сувязях Аляксандра Логвінава. — Дапамажыце нам працаваць з вамі. Гэта прынцыповы момант ва ўзаемадзеянні Офіса з беларусамі. Гэта будзе працаваць толькі ў тым выпадку, калі самі людзі, пра якіх вы кажаце, генеруюць гэтыя прапановы.

Калі вы медык — далучайцеся да Фонду медыцынскай салідарнасці. Калі вы рабочы прадпрыемства — далучайцеся да "Р****ага Р*ху", калі вы чыноўнік — ідзіце да "Сум****ых людзей". Калі вы не адносіце сябе ні да адной групе — далучайцеся да валанцёраў Офіса. Менавіта праз такія структуры наша камунікацыя становіцца магчымай. Яна больш цэнтралізаваная, яна забяспечвае мінімальны ўзровень верыфікацыі.

Санкцыі супраць беларускага рэжыму прымаюць пакет за пакетам. На думку Офіса, гэтага дастаткова?

— Вядома, мы не вельмі задаволеныя санкцыямі, як яны канструююцца, якія пакеты ўводзяцца, — адказвае прадстаўнік па міжнародных справах Офіса Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. — Але рана ці позна санкцыі прыйдуць да тых людзей, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека, якія падтрымліваюць рэжым фінансава. Нагадаем, што санкцыі — гэта не чароўная палачка, якая вырашыць усе праблемы. Самае галоўнае — гэта ўнутраны ціск. Наша актыўнасць, наш удзел у палітычным працэсе, салідарнасць і падтрымка адно аднаго. Мы шмат дапамогі можам атрымаць ад міжнароднай супольнасці, але ўсё ж галоўная нагрузка за перамены ў Беларусі ляжыць на саміх беларусах.

“Где деньги? За диваном”: острые вопросы Тихановской на “открытом разговоре”
Валерый Кавалеўскі / facebook.com / S.Tsikhanouskaya

"Калі мы гаворым пра вызваленне палітвязняў, то як будуць вызначаць, хто палітычны, і калі гэтыя людзі будуць выпушчаныя?" — гучыць адно з самых набалелых пытанняў.

— Мы разумеем, што палітвязняў значна больш, чым тысяча. Іх тысячы, — адказвае дарадца і кіраўнік аддзела знешняй палітыкі Офіса Франак Вячорка. — На жаль, многіх застрашваюць, запалохваюць тым, што калі іх прызнаюць палітвязнямі, то ім сапсуюць умовы знаходжання ў месцах пазбаўлення волі, пасадзяць у камеры-адзіночкі. І таму сем'і і сваякі гэтых людзей просяць, каб не прызнавалі іх палітвязнямі.

Але мы лічым, што трэба прызнаваць: гэта міжнародная ўвага, гэта салідарнасць, лісты і абарона. Мы кантактавалі з міжнароднымі арганізацыямі, каб памяняць умовы прызнання палітвязнямі. Многія людзі сядзяць фармальна не за палітычныя артыкулы, і таму не ўсіх прызнаюць палітвязнямі. Мы над гэтым працуем. Мы таксама распрацавалі праект акта аб рэабілітацыі. Там падрабязна апісана, якім чынам будуць вызваляцца людзі з турмаў.

— Калі будуць вызваляцца палітвязні? Гэта адна з самых галоўных умоў для правядзення выбараў, каб гэтыя людзі былі вызваленыя яшчэ да пачатку перамоваў з рэжымам. Каб тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні, маглі прыняць удзел у выбарах, — дадае Валерый Кавалеўскі.

“Где деньги? За диваном”: острые вопросы Тихановской на “открытом разговоре”
Святлана Ціханоўская і аб'яднанне былых сілавікоў Беларусі / facebook.com / S.Tsikhanouskaya

Прагучала таксама пытанне пра паўнавартаснае палітычнае ўзаемадзеянне і аб'яднанне Офіса Святланы Ціханоўскай з рухам "Супр***ў", прызнаным КДБ Беларусі тэрарыстычным. "Калі мы, нарэшце, дачакаемся супрацоўніцтва?" — пытаюцца ў зале.

— Мы працуем з арганізацыяй, якую вы назвалі, праз [аб'яднанне экс-сілавікоў]. Яны на прамым кантакце, гэта таксама свайго роду супрацоўніцтва, — адказвае Святлана Ціханоўская.

— "Супр***ў" — гэта вузкапрофільная ініцыятыва, з якой легітымна мае зносіны толькі [аб'яднанне экс-сілавікоў], — падкрэслівае Аляксандра Логвінава. — Паколькі толькі ў кампетэнцыі [аб'яднання экс-сілавікоў] весці любыя дыскусіі пра любыя дзеянні з гэтай ініцыятывай.

А чаму не клеіцца дыялог Расіі і Офіса Ціханоўскай? І калі такі дыялог магчымы, то якія Офіс выстаўляе ўмовы?

— Наконт кантакту з Расіяй мы заўсёды заяўлялі, што мы адкрытыя да дыялогу з Расійскай Федэрацыяй, заяўлялі публічна і праз дыпламатычныя каналы. Хто шукае — той заўсёды знойдзе, — упэўненая Святлана Ціханоўская. — Калі б хтосьці хацеў звязацца з намі, то, можа, звязаліся б. Усе кантакты ў нас даступныя — як мінімум на сайце. У нас адзін і той самы пасыл — не трэба падтрымліваць дыктатара. Расія можа адыграць канструктыўную ролю ў развязанні нашага крызісу, і ніякіх умоў для дыялогу з Расіяй у нас дакладна няма. У нас ёсць умовы для перамоваў з рэжымам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі